У межах акцыі “500-годнасць”, прысвечанай юбілею беларускага кнігадруку, у панядзелак, 28 жніўня у слуцкім дзіцячым забаўляльным цэнтры «Лео» адбыўся незвычайны занятак. Баларускамоўныя госці пагаварылі з маленькімі случчанамі на роднай мове пра жывёл і праспявалі беларускія песні.
Разам з Тарасам Шчырым, спартыўным журналістам партала Tribuna.com, і Ружай Міхайлоўскай, выхавальніцай дзіцячага садка, хлопцы і дзяўчынкі вывучылі, хто такія вавёрка (белка), вуж (уж), дзік (дикий кабан) і іншыя жывёлы, і распавялі пра сябе.
Святлана Чакушка, спявачка, удзельніца фальклорнага гурта «Мярэжа», распавяла ўдзельнікам пра тое, як і калі ў беларусі з’явілася першая кніга і правяла невялічкую віктарыну, пераможцы якой атрымалі цікавыя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Разам са спявачкай дзеці вывучылі і праспявалі песню «Як служыў я ў пана» , а скончылася імпрэза вясёлымі беларускімі гульнямі.
Самыя актыўныя дзеткі атрымалі дыпломы за цікавасць да беларускай мовы і падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фота kurjer.info