6 жніўня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі на Гарадзеншчыне. Першая сустрэча прайшла ў Зэльве ў царкоўным доме пра Свята-Троіцкім храме і была прымеркаваная да 107-угодкаў Ларысы Геніюш. Не лішне нагадаць, што ў зэльвенскай царкве мясцовым святаром Георгіем Субаткоўскім створаны мемарыяльны куток славутай паэткі, а на царковішчы усталяваны помнік. На сустрэчу сабраліся зацікаўленыя не толькі з Зэльвы, але і з Гародні, Слоніма і Свіслачы. У выкананні Т. Грыневіч-Матафонавай прагучалі песні на вершы Л. Геніюш, а таксама беларуская песенная класіка – “О Беларусь, мая шыпшына”, “Паланез Агінскага”, “Малітва” (словы Г. Бураўкіна).
Свой выступ М. Скобла пачаў вершам паэткі, у якім яна саманазвалася “ўнучкай Францішка Скарыны”, і зладзіў адмысловую віктарыну на лепшае веданне творчасці Геніюш, пераможцы якой атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Згадаў выступоўца і сваю нядаўнюю сустрэчу з епіскапам Гарадзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем, які не толькі штогод дабраслаўляе Геніюшаўскія чытанні ў Гродне і Зэльве, але гэтым разам выказаў упэўненасць, што ў зэльвенскай царкве варта стварыць фрэскавы партрэт знакамітай паэткі і хрысціянкі.
Другая сустрэча прайшла ў Дзятлаўскім раёне – у летніку “Баравічок”, і прысьвячалася 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Творы Скарыны М. Скобла назваў “скарбніцай афарызмаў, якія не страцілі сваёй актуальнасці і праз паўтысячагоддзя. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблійных тэкстаў гучаць эпіграфічна, як ніякі іншы твор у беларускай літаратуры. Скарына і сам – як эпіграф да ўсёй Беларусі: еўрапейскай, полацкай, вялікакняскай, кніжнай, хрысціянскай, міралюбнай і толькі пры скрайняй неабходнасці ваяўнічай – згадайма пчолаў, што бароняць вуллі свае”. Т. Грыневіч аздобіла сустрэчу сваім непаўторным голасам, заахвоціўшы да спеву юных слухачоў.