Звонкія цымбалы ці барадаты Уладзімір Дубоўка, «лахнэская пачвара» з возера Балдук або месца паломніцтва будысцкіх манахаў? Што магло б стаць прыцягальнай адметнасцю, якая змусіць турыстаў і ўзімку, і летам імчаць у кірунку Пастаўшчыны? Кампанія «Будзьма беларусамі!» прапанавала жыхарам пашукаць свой непаўторны вобраз падчас семінару «Чым адметныя Паставы?», які прайшоў не дзе-небудзь, а ў мясцовым райвыканкаме.
«Нам, вядома ж, даводзілася ладзіць мерапрыемствы ў партнёрстве з раённымі адміністрацыямі, але ж каб у выканкаме – такое ўпершыню!» – сказала рэгіянальны каардынатар «Будзьма беларусамі!» Кацярына Раманчык. У Паставы мы прыехалі па запрашэнні намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Кісялёва. Спачатку закрадаліся асцярогі – ці атрымаецца шчырая дыскусія ў строгай атмасферы высокіх кабінетаў? Але даволі хутка стала зразумела, што людзі ў гэтай зале сабраліся невыпадковыя, дасведчаныя і зацікаўленыя, – гаспадары аграсядзібаў, краязнаўцы, журналісты, вытворцы сувеніраў, бібліятэкары, музейшчыкі – самыя розныя прадстаўнікі сферы турызму. Чым жа славутыя Паставы? Якая гістарычная выбітнасць, ідэя, вобраз або легенда маглі б прывесці сюды турыстаў ды інвестараў? І як стварыць для гэтага неабходныя «дэкарацыі», калі няма сур’ёзнага фінансавання? Безумоўна, кампанія «Будзьма беларусамі!» не магла прыйсці з гатовымі выкладкамі і праграмамі, бо ніхто, апроч саміх жыхароў гэтых мясцін, не зможа ўвасобіць іх у жыццё. Але мы пастараліся прынамсі распачаць пошук ідэяў і даведацца, з чым хацелі б асацыяваць сябе самі пастаўчане.
Каб крыху рассунуць межы ўяўлення і паказаць, што ідэі для турызму можна шукаць у чым заўгодна, Кацярына Раманчык спачатку расказала пра ўдалыя беларускія і сусветныя ўзоры – як, скажам, знакаміты фестываль “Архстояние” ў Калужскай вобласці, які пачынаўся з простай лепкі снежных баб і паступова разросся да найбуйнейшага ў Расіі і Еўропе фестывалю лэнд-арту. Падзейны турызм можа быць кулінарным (cырны фестываль пад Мінскам), гэта могуць быць спаборніцтвы (напрыклад, па спартыўным рыбалоўстве — «Браслаўскі спінінг»), музычныя фестывалі («Saulkrasti Jazz» у Латвіі) або прыродныя з’явы (фестываль кулікоў у Тураве), этнаграфічныя, рэлігійныя, спартовыя, літаратурныя, абрадавыя і шмат яшчэ якія падзеі, якія пры незвычайнай падачы могуць прыцягваць аматараў вандровак. Але, вядома ж, адштурхоўвацца трэба ад уласных адметнасцяў. Такім чынам, чым жа багатыя Паставы?
1. Цымбалы! Такім быў першы імгненны адказ. Сапраўды, штогод у Паставах праходзіць міжнародны фестываль народнай музыкі з гуллівай назвай «Звіняць цымбалы і гармонік». З’ява, напэўна, цікавая для знаўцаў народных інструментаў, ды толькі гэты вясёлы звон ніякага ўсплёску турыстаў не выклікае, – пагаджаюцца гаспадары аграсядзібаў і прадаўцы сувеніраў, для якіх дні фестывалю не ёсць нейкімі надзвычайнымі. А буйныя СМІ нават не заўжды хочуць ставіць абвесткі пра падзею – такім малацікавым падаецца ім звонкі гармонік. Напэўна, фестываль цымбалістаў мог бы стаць турыстычнай заманухай, калі цалкам памяняць ягоную канцэпцыю (і назву), прапанаваўшы нейкі нешаблонны, нетрадыцыйны позірк на народную музыку. Можа, зладзіўшы сінтэз цымбалаў і электрагітары? Альбо адкрыўшы сярод пастаўскіх цымбалістаў харызматычнага самародка-віртуоза? Ёсць прастора для пошукаў. Але як хутка Паставы будуць гатовыя да эксперыментаў?
2. Палац Тызенгаўзаў – другое, што называлі пастаўчане, кажучы пра свой горад. Парк і графскі палац знаходзяцца на левым беразе ракі Мядзелка. Пастаўскі край, безумоўна, багаты і іншымі цікавымі гістарычнымі і архітэктурнымі аб’ектамі, але і тут гаспадары аграсядзібаў, якія лепш за ўсё ведаюць жаданні турыстаў, вяртаюць нас на зямлю. Гаспадыня аграсядзібы «Ля блакітных азёраў» Іна Дрозд распавядае, што як можа прасоўвае сярод сваіх пастаяльцаў пастаўскую гісторыю, сама вядзе экскурсіі, але выпадкі, калі турысты ў гэтым зацікаўленыя, адзінкавыя. Звычайна ім трэба іншае: «Людзі больш аддаюць перавагу прагулкам па экасцежцы, купанню, лазні, гатаванню ежы на адкрытым агні, пікнікам, збору ягадаў і грыбоў», – пералічае яна. Часткова пагаджаецца з ёй Міхаіл Міхайлавіч, уладальнік сувенірнай крамы «Міта»: «Вы пытаецеся, якім мог бы быць брэнд Паставаў. Думаеце, палац Тызенгаўзаў? Ім цікавіцца толькі пару працэнтаў турыстаў. Найперш цікавяць царква і касцёл, дамы рамеснікаў у цэнтры. Але, пры ўсёй павазе, гэта не брэнды. Як вытворца сувенірнай прадукцыі магу сказаць: брэнд Паставаў – гэта чатыры азёры ў рысе гораду. Але як іх прадставіць?»
Такім чынам – 3. Азёры. На семінары госці адзначалі, што пастаўскія вадаёмы сапраўды незаслужана аб’язджаюцца турыстамі, якія чамусьці не спыняючыся праскокваюць міма па дарозе на Браслаў. Сітуацыя з азёрамі, між іншым, яскрава ілюструе звычку бачыць праблему там, дзе можна ўбачыць магчымасці. Чаму б не скарыстацца блізкасцю да самай знакамітай беларускай зоны адпачынку, у якой летам ужо цяжка знайсці вольны домік, і не паставіць рэкламны банер на дарозе Мінск-Браслаў? Зрэшты, распавесці пра цэлых пяць азёраў, якія знаходзяцца ў межах аднаго горада, любым іншым спосабам.
4. Уладзімір Дубоўка. Адзін з найвядомейшых беларускіх паэтаў нарадзіўся на Пастаўшчыне. Але і гэты факт – не тое, на што рабілі б стаўку жыхары раёна ў памкненні быць турыстычна прывабнымі. На пытанне, ці ёсць у Паставах згадка пра Дубоўку, адказалі, што ягонае імя носіць бібліятэка.
5. Пачвара возера Балдук і будысцкія манахі. У нейкі момант абмеркаванне пераходзіць у плоскасць легендаў і паданняў. «Ну што, якую мы пачвару будзем шукаць на Пастаўшчыне?» – пытаецца Юрый Кісялёў. «А ў нас ёсць пачвара – на возеры Балдук, якая дасць фору нават лахнэскай! – кажа Іна Дрозд з сур’ёзнай пераканаўчасцю. – Не, мы яе не бачылі. Але, вы не паверыце, чулі! Калі возера ў пачатку вясны ўскрываецца ад лёду, яна так стогне! У мяне цяпер няма з сабой запісу, але ў мужа запісана! І ноччу, і з раніцы – бясконцы стогн. А аднойчы едзем мы з мужам на нашую аграсядзібу, ідзе чалавек, такі, як з паданняў, у ільняной кашулі падвязанай, у нейкіх атопках, барада да пояса. Аказваецца, прыйшоў пешшу з Каломны, каб пабачыць гэтага монстра, бо шмат пра яго чуў».
«Чатыры гады запар на Булдук прыязджалі ў паломніцтва будысцкія манахі, я сам асабіста сустракаўся з імі, – распавядае краязнаўца Алесь Гарбуль. – Яны, дарэчы, далі сваю назву возеру: «Возера моцы лотаса, які не раскрыўся». Яны казалі, што для іх ва ўсім свеце ёсць пяць месцаў з асаблівай энергетыкай, і адно з іх якраз на Балдуку».
Краязнаўца дадае, што недалёка ад Балдука, каля пасёлку Лынтупы, ёсць месца, звязанае з мядзведзем-пярэваратнем Локісам, якога апісаў Праспрэр Марымэ.
«Гэтыя гісторыі можна было б скарыстаць у турызме. Але ж для гэтага трэба стварыць вакол іх «дэкарацыі». Толькі адкуль браць грошы на ўсё гэта?» – задаецца ён справядлівым пытаннем.
Аляксандра Дорская, фота – Марына Серабракова