20 кастрычніка ў Іллі Вілейскага раёна адбыліся дзве творчыя сустрэчы сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэтым разам у мястэчка завіталі паэты Аксана Спрынчан і Усевалад Сцебурака.
Першая імпрэза адбылася ў Іллянскай сярэдняй школе, дзе ў актавай залі сабралася каля сотні вучняў і настаўнікаў. Госці пачыталі свае вершы, распавялі пра літаратурнае жыццё краіны і пазнаёмілі моладзь з праектам “Пяцісотгоднасць” – прымеркаваным да юбілею беларускага кнігадрукавання, што ладзіцца сёлета культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і ГА “СБП”.
Усевалад Сцебурака
Аксана Спрынчан
Ад пісьменніцкай арганізацыі школе былі перададзеныя новыя выданні з серыі “Кнігарня пісьменніка”, а таксама свежыя нумары часопіса “Дзеяслоў” ды альманахі абласных філій СБП.
У школьным музеі
Экспазіцыя школьнага музея
Уладзімір Кажамяка
Са свайго боку школа наладзіла для гасцей экскурсію па школьных музеях, якіх гэтая ўстанова адукацыі мае цэлых два: этнаграфічны і літаратурны. Апошні існуе 25 год і мае званне народнага. Арыентаваны на творчую спадчыну Вілейскага рэгіёна, дзякуючы руплівай працы настаўнікаў і вучняў невялікі школьны музей назапасіў сур’ёзныя фонды і можа па-сапраўднаму зацікавіць усіх неабыякавых да культуры Беларусі.
Уладзімір Кажамяка і Усевалад Сцебурака
Другая сустрэча адбылася ў Іллянскім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе літаратары сустрэліся са студэнтамі і выкладчыкамі ўстановы.
Абедзве імпрэзы адбыліся дзякуючы запрашэнню літаратара і мясцовага актывіста Уладзіміра Кажамякі, якому ў святочнай атмасферы імпрэзы было ўручанае пасведчанне сябра ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
Дзякуем Аксане Спрынчан за прадастаўленыя фота