Землякі бязмежна любяць і памятаюць сваю Ніну Іосіфаўну. 20 верасня, у дзень нараджэння паэткі і перакладчыцы, на яе радзіме ў Белаазёрску штогод праходзяць паэтычныя чытанні. У залі мясцовага Палаца культуры, без перабольшання, збіраецца амаль увесь горад. Тэматычная экспазіцыя ў бібліятэцы, а таксама месца спачыну пісьменніцы патанаюць у кветках, якія яна так любіла.
Сёлета Чытанні ў гонар Ніны Мацяш наведала дэлегацыя з Мінска ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”: першы намеснік Старшыні Алесь Пашкевіч і намеснік Старшыні арганізацыі Усевалад Сцебурака, паэты Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Віка Трэнас, аўтар і выканаўца ўласных песень Алесь Камоцкі.
Злева направа: Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Алесь Пашкевіч, Алесь Камоцкі, Усевалад Сцебурака
Ушанаваць памяць спадарыні Ніны прыехалі сябры Берасцейскай філіі СБП (з Берасця, Бярозы) на чале з яе кіраўніком, літаратарам Міколам Аляхновічам.
Ліцію праводзіць іерэй Свята-Серафімаўскага храма г. Белаазёрска айцец Аляксей Аляхновіч
Пісьменнікі ўсклалі кветкі да магілы Ніны Мацяш і ўзялі ўдзел у ліціі (памінальным маленні) за яе, а таксама пабывалі каля дома паэткі, на якім цяпер размешчана мемарыяльная шыльда.
Лявон Валасюк і Мікола Аляхновіч
***
I прыйдзе ноч, і ноч міне,
I дзень павекі разамкне
I аглядзіцца навакола.
Ці будзе рады й мне?
Ён — грук матораў, шоргат шын,
Ён — самалётны рык вышынь, —
Што для яго пялёстак кволы
Ссамотненай душы?
Па бровы ўкутаму ў браню,
Пялёстак той, як парахню,
Бязлітасна пусціць на вецер
Было б так лёгка дню, —
Калі б у непрыманні зла
Душа змагарна не ўрасла
У заўтрае надзей бяссмерцем.
Ніна Мацяш
Выказваем шчырую падзяку Кузняцовай Тамары Аляксандраўне, Скарына Галіне Васільеўне і ўсім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення Паэтычных чытанняў у гонар Ніны Мацяш.
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org