Прэс-клуб культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” дабраўся да Брэста, тым самым паставіўшы своеасаблівую кропку ў туры па Беларусі. Журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч і галоўны рэдактар сайта “Будзьма!” Віталь Рыжкоў абмеркавалі з берасцейцамі культурных герояў горада, а таксама новыя падыходы да журналісцкай працы.
“Для пачатку хачу сказаць, што Берасце — гэта нешта надзвычайнае. — кажа Віктар Марціновіч. — Калі прыходзіш у крэпасць уначы — адчуваеш неверагодную энергію, якая ў яе закладзеная. Ці імперскі стыль вакзала, гэта вакзал Масквы — нават складаецца ўражанне, што імперскасць абцяжарвае культуру горада, аднак увогуле Берасце — гэта цуд”.
Для абмеркавання Віктар Марціновіч прапанаваў актуальную для культуры любога горада тэму — існаванне лакальных культурных герояў.
“Асаблівасць наяўнай сітуацыі — крызіс пазнавальных культурных герояў, — кажа спадар Віктар. — Каго з берасцейскіх герояў вы маглі б назваць?”
Прыгадалі пра Мікалая Кузьміча, які аднавіў крыж Ефрасінні Полацкай, гурт “Сцяна”, і нават губернатара Сумара, які часам любіць спяваць на розных імпрэзах і ў якога ёсць свае прыхільнікі. Згадалі мастачку Наталлю Чарнагалаву, якая славіцца ў Берасці як персона эпатажная — на адкрыццё сваёй выставы яна можа ўехаць на белым кані ў літаральным сэнсе. Кожная яе выстава становіцца падзеяй прынамсі скандальнай.
“Давайце паспрабуем назваць пяць чалавек, якіх усе ведаюць і аўтарытэт якіх не будзе аспрэчвацца, але возьмем агульнанацыянальных герояў”, — прапануе спадар Марціновіч. — Людзей, якія могуць лічыцца культурным капіталам краіны”.
У залі адразу прыгадваюць Сяргея Міхалка, як тое адбывалася і ў іншых гарадах. Уладзімір Някляеў? Але ці можна адасобіць яго як творцу ад яго ж палітыка? І далёка не ўсе знаёмыя з ягонай творчасцю, апроч хіба што песні “Гуляць дык гуляць”. Мулявін? Але мы маем на ўвазе герояў жывых.
Ці мае Беларусь патрэбу ў героях?
Адразу ж узнікае пытанне, а як таго ці іншага героя ацаніць. Калі браць, напрыклад, папсу, то гэта не культура, але людзі пазнавальныя.
“Нам патрэбны спіс хаця б з пяці людзей, вакол якіх магла б аб’яднацца нацыя, — кажа спадар Марціновіч. — Нацыя пачынаецца там, дзе ёсць культурная іерархія. Вельмі цікавы мне пісьменнік Бенедыкт Андэрсан піша, што да пачатку ХХ стагоддзя нацыя мела тры складнікі: грошы, школа і тэрыторыя. Мова, дарэчы, не ўваходзіць у пералік, бо яна ўмова абавязковая. У сярэдзіны ХХ стагоддзя сітуацыя змянілася: заўважылі ірландцаў, якія размаўляюць па-англійску, згадалі пра амерыканцаў. Францыя без франкаў не перастала быць сабой. Старыя тэорыі ва ўмовах агульных медыяў, агульнага рынку не працуюць. Паводле Андэрсана, нацыя мусіць мець адзіную мапу і музей, дзе чалавек атрымлівае ўяўленне, чым ёсць тая ці іншая краіна, месца, дзе захаваная гісторыя. Этнічныя прыкметы не аб’ядноўваюць нацыю”.
У такім выпадку патрэбны іканастас жывых герояў? Журналісты прыгадалі пра спартоўцаў, БАТЭ, якое зрабіла немагчымае, Азаранка, з якой Беларусь асацыюецца па ўсім свеце. А калі ўзяць мастацтва? Выдатны рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які зняў “Акупацыю” — магчыма, найлепшы з сучасных беларускіх фільмаў, але…
“Калі мы будзем піць гарбату з шатландцамі ці эфіопамі, яны адразу змогуць назваць пяцёрку сваіх герояў. Тое, што ў нас культура падзеленая на дзяржаўную і незалежную, перашкаджае знайсці агульных герояў. Такі адказ быў дарэчны гадоў пяць таму, гэты самы падзел краіны яшчэ невядома каму з бакоў болей патрэбны і падабаецца, — мяркуе спадар Віктар. — Ёсць людзі з “акопным” мысленнем, для якіх творцы могуць быць “недастаткова апазіцыйнымі”.
Берасцейскія калегі не пагаджаюцца. А ці патрэбныя ўвогуле такія героі? Ці не стане такі герой штампам? І ў абіранні “лідараў” ёсць нешта таталітарнае, маўляў, прызначэнне галоўных пісьменнікаў, мастакоў і г.д. — цалкам сабе савецкая традыцыя. Урэшце, мы яшчэ толькі фармуемся як нацыя. Па словах спадара Віктара, у Віцебску ў 1919 годзе абмяркоўваліся прыблізна тыя ж пытанні і аргументацыя была падобная.
Аднак, пярэчаць берасцейскія журналісты, Караткевіч быў нефарматным за савецкімі часамі, а цяпер ён нацыянальны герой. Ці можна стаць героем пры жыцці?
Архетып беларуса — няўжо ўсё так дрэнна?
Журналіст Ігар Бараноўскі мяркуе, што герояў у краіне няма, бо нават у гарадскім асяроддзі не шануюцца славутыя імёны:
“Паставілі “помнікі” ў Брэсце, спачатку бабрам, цяпер вось лісы. І ўсе гэтыя культурніцкія паляпшэнні абстрактныя і безасабовыя, а гэта адлюстраванне ўнутранай культуры, няма помнікаў мастакам — ёсць мядзведзям. Ды і нашыя творцы, напрыклад, праігнаравалі конкурс на стварэнне ўязной брамы ў горад, і варыянты цяпер жахлівыя”.
“Ёсць выдатная кніга Юліі Чарняўскай, “Беларус, рысы да аўтапартрэта”, дзе разглядаюцца архетыпы ў беларускіх казках, — кажа Віктар Марціновіч. — У выніку спадарыня Чарняўская прыйшла да цікавых і адначасова прыкрых высноваў: у беларускіх казках няма героя, які б быў шчаслівы працяглы час. Знойдзе грошы— будзе няшчасце, звяжацца з цмокам — нейкая хвароба, знойдзеш скарб — скарб будзе адабраны. Беларускі герой асаблівы, гэты герой можа дамагчыся нечага марнай складанай працай, і пад канец жыцця, можа, і прыйдзе шчасце. Можа, рэч у архетыпе?”
Згадалі берасцейцы і кампазітара Ігара Карнелюка і гумарыстку Алену Верабей — абое яны з Берасця, але раскруціцца атрымалася толькі ў Расіі. Ды і са згаданым вышэй Міхалком сітуацыя падобная.
Што рабіць у выніку? Як папулярызаваць лакальных творцаў?
“Пішыце прэс-рэлізы, гэта можа падацца простым, але гэта рэальна працуе, — кажа Віктар Марціновіч. — Мы праехалі прэс-турамі па ўсёй краіне. 20 гадоў таму на ўсходзе і захадзе людзі вельмі адрозніваліся, такое адчуванне, што краіны не было. Цяпер жа мы ўбачылі, што Беларусь робіцца чымсьці едным. Трэба, каб людзі, што жывуць у рэгіёнах, прасоўвалі сваіх культурных аўтарытэтаў, а я буду рабіць усё, каб мінчукі даведаліся пра лакальных герояў, будзем звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі, а не ў Расіі альбо Польшчы”.
Як пісаць пра сваіх герояў?
З героямі разабраліся — яны ёсць і будуць цікавыя ўсёй краіне, аднак як іх правільна падаць?
“Мяне як рэдактара нашмат больш цікавяць новыя падыходы да журналістыкі, такі сабе гонза-стыль, — кажа Віталь Рыжкоў. — Калі вы пішаце пра Брэсцкую крэпасць, зрабіце інфаграфіку: калі заснаваная, калі трапіла ў спіс “недарэчных” будынкаў. Людзей болей за ўсё цікавяць лічбы і факты, а не чарговае падарожжа мінскага культурнага героя ў рэгіёны з тыповай справаздачай. Пра Міхалка пісалі тысячу разоў, няўжо не надакучыла задаваць адны і тыя пытанні? А калі паспрабаваць сабраць факты — дыяметр біцэпса Міхалка ў 1999 і 2014 годзе. Напрыклад, вядомы фармат “Правілаў жыцця” — у любым разе чытаць іх цікава”.
Берасцейскія калегі скардзяцца, што часцяком трапляюць у замкнёнае кола, калі які-небудзь берасцейскі гурт едзе на фэст ва Украіну, а фэст нескандальны і гурт не самы вядомы, то рэдактару гэта нецікава. Адны персанажы надакучылі, іншых “ніхто не ведае”. Аднак з такім падыходам і не даведаецца.
“Было б добра каб мы крэатывілі не толькі ў тэме, але і ў форме падачы, — мяркуе спадар Віталь. — Тады мы зможам паказаць лакальных культурных герояў усёй краіне. Калі вы бачыце цікавую падзею, і незвычайную форму для яе асвятлення, вы можаце заўжды звяртацца на сайт “Будзьма”.
Тэкст – Юрась Ускоў
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч