Збягаюць дні за днямі, зіма змяняецца вясной, а нашыя творцы працягваюць сваю няспынную працу – дарыць вам асалоду ад творчых сустрэч!
4 сакавіка ў філію дзіцячай бібліятэкі № 3 г. Мінска былі запрошаны пяцікласнікі са школы № 141. Нагодай запрашэння была сустрэча з пісьменнікам, бардам і даследчыкам літаратуры Сержам Мінскевічам. Ён расказаў вучням пра тое, якія задачы перад сабой ставіць сучаснае беларускае літаратуразнаўства і пра грамадскую кампанію “Будзьма беларусамі!”, пра Саюз беларускіх пісьменнікаў і яго дзейнасць. Апавёў пра сваю навуковую і творчую працу, а таксама пачытаў вершы і праспяваў песні. Падчас выступу ў школьнікаў узнікалі пытанні пра тэмы і герояў твораў Сержа. Завязалася цікавая размова пра фаўну, флору далёкіх краін і Беларусі, а таксама пра аэрадынаміку, гідрадынаміку, радыё, электрычнасць… У зале вітала атмасфера сяброўства і даверу, напрыканцы мерапрыемства школьнікі і іх настаўніцы з ахвотаю зрабілі фотаздымкіна памяць.
11 сакавіка ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адбылася прэзентацыя новых кніг серыі “Паэты планеты”. На экспазіцыі былі прадстаўлены не толькі кнігі з паэтычнай серыі, але і іншыя пераклады лепшых майстроў літаратуры, якія выйшлі апошнім часам.
На творчай імпрэзе прысутнічалі перакладчыкі Алесь Разанаў, Лявон Баршчэўскі, Яўген Бяласін, якія актыўна працавалі над гэтай серыяй. Лявон Баршчэўскі, вядомы беларускі перакладчык, прыемна ўразіў слухачоў тым, што валодае 28 мовамі і перакладае творы без падрадкоўніка. Яўген Бяласін, берасцейскі паэт і перакладчык, зачытаў на нямецкай мове вершы Фрыдрыха Шылера, якія ўвайшлі ў яго кнігу.
Алесь Разанаў пазнаёміў гасцей бібліятэкі са сваімі перакладамі з японскай і літоўскай мовы, а таксама пагрузіў слухачоў у філасофскія глыбіні сваіх версэтаў, квантэм, пункціраў і іншых інтэлектуальных літаратурных форм, якія выбітны паэт актыўна распрацоўвае.
На лірычную хвалю настроіла залу Валянціна Осіпава, якая зачытала вершы ўкраінскай паэткі Таццяны Якавенка, над перакладамі якой яна працуе апошнім часам. Сярод прысутных было шмат студэнтаў моладзі, і паэтка па-добраму пазайздросціла, што ў моладзі зараз ёсць цудоўная магчымасць развіваць добры літаратурны густ і чытаць класікаў сусветнай літаратуры на роднай мове. Валянціна Осіпава таксама распавяла слухачам пра дзейнасць Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якую яна прадстаўляла на творчай імпрэзе. Запрасіла прысутных, і асабліва моладзь, актыўна наведваць сайт budzma.by, якія асвятляе ўсе значныя падзеі ў Беларусі і знаёміць з культурным жыццём краіны. Ад імя кампаніі падарыла бібліятэцы новыя часопісы “Дзеяслова” і прапанавала дасылаць новыя творы ў папулярнае беларускае выданне. Творчая імпрэза прайшла пры поўнай зале і слухачы актыўна ўключаліся ў дыялог з пісьменнікамі і перакладчыкамі, задавалі шмат пытанняў гасцям і выказалі пажаданне часцей праводзіць такія сустрэчы.
P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: [email protected] – будзем рады новым сябрам!