У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” упершыню наведалі сярэднія школы ў вёсцы Дварэц і ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна пісьменнік, журналіст і краязнавец Сяргей Чыгрын, бард і публіцыст Зьміцер Бартосік. Іх сустракаў і суправаджаў па Дзятлаўшчыне грамадскі актывіст, былы настаўнік з Дзятлава Валерый Петрыкевіч.
Гасцей школ шчыра сустракалі настаўнікі і вучні. Падчас сустрэч Сяргей Чыгрын і Зьміцер Бартосік распавядалі пра гісторыю беларускага кнігадрукавання, якому сёлета будзе 500 гадоў. Сяргей Чыгрын паказаў школьнікам і настаўнікам рэдкія і незвычайныя кнігі, якія выдаваліся ў ХХ – пачатку XXI стагоддзяў. Асабліва ўсіх зацікавілі мініяцюрныя кнігі і кнігі-малюткі. Ён таксама сярод школьнікаў правёў некалькі конкурсаў па беларускай літаратуры, гісторыі, геаграфіі і роднай мове. Пераможцы гэтых конкурсаў атрымалі падарункі і сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А Зміцер Бартосік распавёў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні і выканаў некалькі ўласных песень.
У Наваельнінскай сярэдняй школе госці наведалі вялікі школьны музей, прысвечаны гісторыі пасёлка Наваельня. Музею пакінулі на памяць суверніры ад “Будзьмы” і плакаты, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.