Супермаркеты ды лядовыя палацы вырашаюць не ўсё. Гэтымі стандартнымі дабротамі нельга прывязаць моладзь да сваёй малой радзімы. Што ж трэба зрабіць, каб свой край любілі і ганарыліся ім? Звярнуць увагу на адметнасці, якіх няма ў іншых: унікальны помнік, унікальную асобу, унікальны фестываль.
“Кірмаш праектаў” з подыхам лета набыў больш вольны і драйвовы настрой: культурніцкія праекты для паляпшэння якасці мясцовага жыцця цяпер ствараюцца ў рэжыме рэальнага часу ды з людзьмі, якія пра культуру маглі проста не паспець падумаць. “Кірмаш праектаў” стаў майстар-класам для жалудоцкіх дзетак і падлеткаў з летніка пры школе імя Урублеўскага, які правялі прадстаўнікі кампаніі “Будзьма беларусамі!” Кацярына Раманчык і Кірыл Шык. Сапраўды, чым можа здзівіць старадаўняе мястэчка са статусам пасёлка недзе на Шчучыншчыне? Вядоўцы вырашылі спытацца ў дзетак, а дзеткі мелі што адказаць!
Адукавацца ў культурніцкім праектаванні выйшлі пяці- і сяміклашкі, утварыўшы дзве каманды, натуральна, па гендарным прынцыпе: дзяўчаты патрыятычна назвалі сябе “Беларусамі”, а хлопчыкі, доўга не вагаючыся, “Найлепшымі”. Вучні пачатковай школы разам з настаўнікамі і самымі сціплымі старэйшымі ўтварылі самую “народную” па колькасці каманду “Жалудок”. Сціпласць, што прыемна, потым сышла на не, саступіўшы месца творчаму запалу ў вызначэнні свайго культурніцкага багацця.
Кожная каманда атрымала свой падыход да працы над пытаннем, чым жа можа здзівіць Жалудок гасцей пасёлка. Яскравым прыкладам для натхнення служыў адзіны ў Беларусі Фестываль кветак, што сёлета будзе ладзіцца ў Жалудку ўжо сёмы раз. Напачатку дзецям было прапанавана задумацца:
– Што ў культурніцкім жыцці Жалудка хацелася б палепшыць?
– Што ўнікальнае ўжо ёсць ў пасёлку?
– Як можна было б паказаць беларускасць месца замежным турыстам?
Першы “мазгавы штурм” паказаў, што галоўнымі мясцовымі адметнасцямі, вакол якіх “усё круціцца”, усе тры групы бачаць палац Святаполк-Чацвярцінскіх, дзе здымаўся мастацкі фільм “Масакра”, і асобу паўстанца Валерыя Урублеўскага, тутэйшага ўраджэнца. Беларускасць праз мясцовыя традыцыі, моўныя і іншыя асаблівасці была прадстаўленая ўнікальнай мясцовай кухняй і рамёствамі ткацтва і вязання. З апошнімі адметнасцямі, дарэчы, ужо можна пазнаёміцца бліжэй, завітаўшы на мясцовыя аграсядзібы. Шмат ідэй адносіліся да паляпшэння рэкрэацыйна-забаўляльнай інфраструктуры пасёлка, а дакладней парку, таму было вырашана разам падумаць над прапановамі ў гэтым кірунку, да таго ж пэўны задзел тут ужо зроблены Фестывалем кветак. У выніку другога туру “мазгавога штурму” каманды прадставілі свае дапрацаваныя задумы. Па ўвекавечанні асобы Урублеўскага каманда “Жалудок” высунула цэлы план: арганізаваць музей яго імя, пошукавы атрад для росшукаў на мясцовасці і ў архівах, выдаць кнігу, нарабіць сувеніраў-магнітаў з выявай паўстанца і нават… стварыць камп’ютарную гульню “Генерал парыжскай Камуны”.
Жалудоцкі палац Святаполк-Чацвярцінскіх – гэта гонар і боль для мясцовых. Дапамогу па яго рэстаўрацыі некалі прапаноўвалі нашчадкі шляхецкага роду, якія знаходзяцца за мяжой, аднак дзяржава не змагла знайсці часткі грошай са свайго боку, каб скончыць справу. Палац, які стаў здымачнай пляцоўкай ужо для трох фільмаў, дзеці ўпэўнена называюць сярод мясцовых каштоўнасцяў, удакладняючы ў вядоўцаў толькі, як правільна: “рэстаўраваць” альбо “рэстаўрыраваць”? Культурніцкім праектам ад каманды “Беларусаў” стаў “Конкурс кароткаметражак”, сюжэт якіх разгортваўся б вакол палаца. Жанрамі відэатвораў былі абраныя мастацкія фільмы, анімацыя або рэкламныя ролікі. З іх дапамогай дзеці хацелі б прыцягнуць увагу шырокага грамадства да праблемы аднаўлення архітэктурнага помніка. У перспектыве палац можа быць паўнавартаснай пляцоўкай для правядзення культурніцкіх падзей.
Парк імя Урублеўскага “было вырашана” аздобіць і для большага ідэйнага адпавядання і Фестывалю кветак, і скульптурнай кампазіцыі, што там ужо ёсць. У парку, як лічыць каманда “Найлепшых”, мусіць быць прыгожы фантан, канцэртная пляцоўка, і канечне, шмат атракцыёнаў, найперш цір.
Сярод рэкрэацыйных патрэбаў пасёлка для развіцця турызму прагучалі таксама: аквапарк, музей вайсковай тэхнікі, пейнтбол-цэнтр і інш. Пакуль жа на мясцовасці адчуваецца патрэба нават у такіх элементарных рэчах, як запраўка, якой у Жалудку дагэтуль няма…
Такім чынам, на адукацыйным “Кірмашы праектаў” дарослыя з вуснаў дзяцей даведаліся пра асноўныя адметнасці ды патрэбы Жалудка, а дзеці з дапамогай дарослых здолелі сфармуляваць і выказаць думкі адносна развіцця роднага краю. Кожная інтэрпрэтацыя, тым больш дзіцячая, зразумела, будзе суб’ектыўнай і далёка не заўсёды магчымай для хуткай рэалізацыі. Але разам з тым без уліку чаканняў і спадзяванняў найменшых ці можна ўпэўнена разбудоўваць мясцовую культурніцкую сферу?
– Дзеці, ці ёсць нам чым ганарыцца? – цікавіцца ў залы Кірыл Шык.
– Да-а-а!
– А па-беларуску?
– Та-а-ак!
Унікальны помнік, унікальная асоба і не ўнікальны, але неабходны людзям “стандартны набор” сродкаў прыгожа і весела бавіць свой час – вось чым Жалудок можа зацікавіць. Засталося толькі зрабіць гэтыя рэсурсы пунктамі прыцягнення творчых высілкаў жалудкоўцаў і мясцовай адміністрацыі, а ў не самай далёкай перспектыве – прыцягальнымі брэндамі.
Хочаце паспрабаваць распрацаваць культурніцкія праекты, патрэбныя вашаму гораду? Запрашайце “Кірмаш праектаў” праз [email protected]!
Алесь Кіркевіч, фота – Зарына Кандрацьева