Закрыццё міжнароднага фестывалю дударскай музыкі “Дударскі фэст” адбылося 28 красавіка ў музеі-сядзібе “Дудуткі”.
У канцэрце прынялі ўдзел гурты “Стары Ольса”, “Testamentum terrae”, “Сахор”, “Гальярда”, “Крэва”, “Келіх кола”, “Філ”, “Яварына”, а таксама вядомыя майстры дуды Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі і Алесь Сурба. Танцавальную падтрымку ў фэсце аказаў гурт “Гістрыён”.
На фэст сабралося каля 700 чалавек. Вялікую частку наведнікаў складалі сем’і з малымі дзецьмі, а таксама госці з замежжа. Падчас канцэрту ўсе наведнікі змаглі пачаставаць стравы беларускай нацыянальнай кухні, набыць традыцыйныя сувеніры з гліны, дрэва, керамікі і саломы.
Сёлета “Дударскі фэст” доўжыўся тры дні і распачаўся вялікім канцэртам у клубе “Рэактар” 24 красавіка. 27 красавіка ў Валожынскім раёне адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная беларускім музычным дударскім традыцыям. Падчас яе з дакладам выступіў знаны майстра дуды Тодар Кашкурэвіч.
“Дударскі фэст” упершыню прайшоў у Мінску ў 1992 годзе, а з 2006 года ён стаў штогадовым. Фэст з’яўляецца адзіным мерапрыемствам такога роду ва Усходняй Еўропе, прысвечаным дудзе. На фестывальных сцэнах гучаць беларускія, галісійскія, шатландскія, шведскія, нямецкія, літоўскія і латышскія дуды. У фестывалі прадстаўлена дударская музыка ўсіх кірункаў – ад традыцыйнага фальклору да фолк-мадэрну.