17 сакавіка ў музеі П. Броўкі адбылася трэцяя сустрэча з цыклу “Таварыства мёртвых паэтаў. Пяць вечароў з Андрэем Хадановічам”. Адкрытая лекцыя называлася “Рэканструкцыя паэта”: Мілаш, Шымборска, Герберт”. Усе тры героі лекцыі – бясспрэчныя вяршыні польскай паэзіі. Чэслаў Мілаш і Віслава Шымборска – лаўрэаты Нобелеўскай узнагароды, а Збігнеў Герберт – магчыма, улюбёны лірык саміх палякаў, ушанаваны імі тытулам “прынц паэтаў”.
Але пачалася “польская” лекцыя з “французскага” эпіграфа. Хадановіч паказаў у арыгінале і прачытаў у сваім перакладзе знакаміты верш Гіёма Апалінэра “Смутак зоркі”. Рэч у тым, што роўна сто год таму, 17 сакавіка 1914, французскі творца быў паранены ў галаву аскепкам снараду і перажыў трэпанацыю чэрапа. А потым параўнаў гэта з нараджэннем багіні Мінервы з галавы свайго бацькі Юпітэра – з чаго і вырас адзін з найпрыгажэйшых апалінэраўскіх вершаў.
Пасля лектар вярнуўся да галоўнай тэмы і чытаў ды аналізаваў вершы польскіх аўтараў. Былі закранутыя такія тэмы, як паэзія пасля халакосту, і ўвогуле трагічны досвед другой сусветнай вайны – і тое, як ён быў пераўвасоблены ў польскай лірыцы. Апроч вершаў, разглядалася п’еса Герберта “Рэканструкцыя паэта” і “гарвардская” лекцыя Мілаша “Паэзія і руіны”. Мультымедыя дазвалялі не толькі паслухаць беларускія пераклады, але ўбачыць саміх паэтаў і пачуць іх галасы.
Акрамя лектара, свае перастварэнні польскай паэзіі чытала спецыяльна запрошаная госця – перакладчыца і выкладчыца літаратуры Марына Казлоўская.
Напрыканцы, як заўжды, адбылася інтэлектуальная віктарына на прызы ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”. Шматлікая (гэтыя разам як ніколі – мабыць, нобелеўскі аўтарытэт падзейнічаў!) публіка жвава рэагавала і давала слушныя адказы на пытанні.
Наступная лекцыя адбудзецца 24 сакавіка і будзе называцца “Амплітуда смеласці”: Танк, Стральцоў, Барадулін”.