23 лютага ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла прэзентацыя новых выданняў з серыі “Паэты планеты”. Вечарына мела назву “Дзецюкі планеты”.
Серыя, якую ў супрацы з найлепшымі беларускімі перакладчыкамі выдае Зміцер Колас, знаёміць чытачоў з найлепшымі ўзорамі сусветнай паэзіі па-беларуску, а таксама творчасцю беларускіх паэтаў. Адкрыў вечарыну Алесь Разанаў, які прадставіў свае пераклады хайку Мацуа Басё, а потым зачытаў вершы з новай кнігі выбранага. Лявон Баршчэўскі расказаў пра Хаіма Нахіма Бяліка і Геарга Тракля, двух творцаў, чые кнігі нядаўна з’явіліся ў серыі “Паэты планеты”. Ігар Крэбс працягнуў тэму экспрэсіянізму і прачытаў свае пераклады з Геарга Гайма, анансаваўшы такім чынам кнігу, што плануецца ў будучыні. Андрэй Хадановіч прэзентаваў пераклады са зборнікаў Эмілі Дыкенсан, Сяргія Жадана і Уільяма Батлера Ейтса, падрабязней спыніўшыся на творчасці ірландца-набеліста.
Знаёміць прысутных з Ейтсам працягнуў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў з гурта “Дзецюкі”, праспяваўшы шэраг песень на пераклады Андрэя Хадановіча. Мадэратарка імпрэзы Ганна Янкута не толькі прадставіла кожнага з удзельнікаў, але і зачытала пераклад з Джона Кітса, каб ушанаваць паэта, які памёр 23 лютага 197 гадоў таму, а таксама расказала пра шэраг падзей, што адбыліся ў свеце ў гэты дзень у розныя гады, такім чынам нагадаўшы прысутным, што 23 лютага можна знайсці шмат нагод для свят і ўрачыстасцей.