Экскурсію па Брэсцкай вобласці зладзілі 28 лютага і 1 сакавіка сябры моладзевага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”. Маршрут вандроўкі пралягаў праз такія старадаўнія мясціны Брэстчыны, як Ружаны, Пружаны, Камянец, Косава, вёску Воўчын. 1 сакавіка падарожнікі наведалі і галоўны горад вобласці — Брэст.
Старавечныя Ружаны адкрыліся перад удзельнікамі сваім вядомым палацам, былой рэзідэнцыяй роду Сапегаў. Шматлікія разбуральныя войны і прыродныя ўмовы нанеслі непапраўную шкоду палацу і пакінулі на яго месцы руіны. Тым не менш палац Сапегаў і сёння застаецца ўнікальным узорам класіцызму ў беларускай архітэктуры і прываблівае шматлікіх турыстаў і падарожнікаў.
У Пружанах удзельнікам экскурсіі пашчасціла наведаць вядомы Пружанскі парк і сядзібна-паркавы комплекс Швыкоўскіх. Экскурсаводы з вёскі Воўчын распавялі пра старадаўні касцёл Святой Тройцы, дзе быў каранаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У Камянцы падарожнікі наведалі Камянецкую вежу (яна таксама завецца Белай). Цяпер тут філіял Брэсцкага абласнога музею.
Вёска Косава запомнілася ўдзельнікам экспедыцыі дзякуючы перадусім неагатычнаму палацу Пуслоўскіх, а таксама каталіцкаму касцёлу Найсвяцейшай Тройцы, дзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка.
Вандроўку па Брэсце правёў супрацоўнік музею гісторыі горада Брэста Сяргей Быцкевіч. Экскурсія ахапіла цэнтральныя і найбольш адметныя вуліцы і будынкі Брэсту: Свята-Мікалаеўскую царкву, плошчу Свабоды, пешаходную вуліцу Савецкую.
Па словах удзельнікаў вандроўкі, экскурсія атрымалася цікавай і пазнавальнай, не зважаючы на не самае спрыяльнае для падобных мерапрыемстваў надвор’е.