Па жаданні выхаванцаў лінгвістычнага педкаледжа, дзе адбыліся два выступы 2 сакавіка 2017 года, спадарыня Вера Буланда адказвала на пытанні адносін мужчыны і жанчыны, як распазнаць каханне, ці існуе насамрэч гэтае яркае пачуццё? Слухачы не маглі не пагадзіцца з думкамі вялікіх, прыведзеныя ў доказ, што “чалавек пачынае кахаць проста, без пытанняў, нават раней, чым зразумее і ўсвядоміць, што ён закахаўся. У чалавека гэта пачуццё залежыць не ад галавы, у яго нармальнае, непасрэднае імкненне сэрца да сэрца” (В.Р. Бялінскі). Вершы паэтаў і паэтэс таксама прымусілі задумацца над існасцю Кахання:
…а на сэрцы горыч…
А вы пільней прыгледзьцеся тады,
Адзіная, а, можа, яна побач,
А вы шукалі цэлыя гады.
Шукалі нетаропкія ў часе…
………………………………………
Спяшайцеся, а то на горкі здзек
Адзіную, харошую адзіную
Сустрэне выпадковы чалавек.
М. Дукса. Адзіная.
Цікава распавяла Вера Аляксандраўна пра каханне Ф. Скарыны да Маргарыты, апіраючыся на кнігу А. Лойкі “Францыск Скарына або Сонца Маладзіковае”, а таксама прачытала шмат сваіх вершаў з кнігі інтымнай лірыкі “Сараматніца”.
Заблыталася сонца ў валасах,
Ты вуснамі лавіў касыя промні,
Не думалі з табою пра пасаг,
А ўвогуле, ці думалі? – Не помню.
Трава схіляла пасмы да зямлі,
І краскі за каханнем цікавалі,
А ты, укленчыўшы, аб блізасці маліў,
І толькі рукі згоду адмаўлялі.
…………………………………
Гуляе сонца зноў у валасах,
Я ўсё да дробачкі з тых заляцанняў помню.
Гады мае – асноўны мой пасаг
Ды ля вачэй і вуснаў здрада промняў.
У сувязі з 500-годнасцю кнігадруку ў Беларусі выхаванцам былі ўручаны паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і адпаведныя плакаты.