Вечарына памяці мастака, паэта, археолага, фалькларыста Язэпа Драздовіча адбылася ўчора ў цэнтральнай раённай бібліятэцы Валожына ў межах кампаніі “Будзьма”.
Арганізатары прапанавалі публіцы прагляд фільму, адмыслова знятага пра асобу і жыццё Язэпа Драздовіча, а таксама лекцыю пра славутага дзеяча, падрыхтаваную Юрам Малашам, даследчыкам творчасці Драздовіча і старшым навуковым супрацоўнікам Заслаўскага музея. На імпрэзе таксама гучалі аўтарскія песні спявачкі Лізаветы Пятроўскай, кіраўніцы фальклорнага калектыву “Вянок”.
Угодкі з дня нараджэння Язэпа Драздовіча шырока адзначаюцца ў гэтым годзе па ўсёй краіне. Мастацкія пленэры, выставы, семінары ладзяцца пры падтрымцы шэрагу беларускіх грамадскіх арганізацыяў, у тым ліку творчай суполкі “Пагоня” і Таварыства беларускай мовы.
Язэп Драздовіч быў унікальным для свайго часу чалавекам. Яго спадчына – вялізарная, разнастайная, ад навукова-філасофскіх роздумаў над рухам планетаў у космасе і да знаходак падчас археалагічных раскопак. Тым не менш, яна застаецца практычна нявывучанай як на прыватным, так і на дзяржаўным узроўні.