Сваю гутарку 21 чэрвеня 2017 года з прафсаюзнымі лідарамі Мінскага завода колавых цягачоў Вера Аляксандраўна пачала з паведамлення, што гэты 2017 год – незвычайны для нашага народа, для нашай краіны – гэта год 500-годнасці беларускага кнігадрукавання, Як цудоўна адзначыў аднойчы Уладзімір Караткевіч: “Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына”. І з гэтым не паспрачаешся, бо Асветніцкая дзейнасць Ф. Скарыны, выданне кніг на роднай мове дзеля навучання “люду паспалітага” мелі на мэце выхаваць нацыянальную інтэлігенцыю, якая па ведах і інтэлекце стаяла б упоравень з заходнееўрапейскімі дзеячамі навукі і мастацтва.
Скарына першым з еўрапейскіх друкароў вызнаў новую, рэнесансную грамадскую свядомасць. Аналіз яго прадмоў і пасляслоўяў характарызуе яго як чалавека смелага, прадпрымальнага, неспакойнага. Усюды Скарына выступаў як моцны аўтарытэт, які шмат ведае, таму і робіць. Ён навучае ўсяму, што лічыць патрэбным, абапіраючыся на навуку. Гэта своеасабліва выказанае «я» можна адчуць паўсюдна. Ён з гонарам гаварыў пра сваё паходжанне — “з слаўнага града Полацка”, горда называў сябе “доктарам Францыскам Скарынам”.
Спадарыня Буланда звярнула ўвагу не толькі на плакаты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” “500-годнасць”, але і на афішу ад Рэспубліканска тэатра беларускай драматургіі “Кар’ера доктара Раўса”, прэм’ернага спектакля, на які і запрасіла сваіх суразмоўцаў, абазначыўшы галоўную ідэю мастацкага твора Віктара Марціновіча: “Людзi, якiя нарадзiлiся раней сваёй эпохi. Што мы ведаем пра iх? Сухія гістарычныя факты, даты і лічбы, партрэты ў падручніках. Ведаем iх дасягненні, якія сёння для нас натуральныя і незаўважныя. Але мы наўрад ці задумваемся аб тым, як такія людзі жылі, што адчувалі, як да іх ставіліся навакольныя i чаго iм каштавала апантанасць сваімі ідэямі, якая змяняла жыццё ўсяго чалавецтва”. Кар’ера доктара Рауса – гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. І імя яго – Францыск Скарына.
Вера Аляксандраўна пазнаёміла слухачоў са сваімі вершамі і вершамі беларускіх паэтаў пра Францыска Скарыну:
Цэлы горад схіліў калені,
калі голас пачуўся Твой…
Ты з’явіўся ў пару зацьмення,
каб народ асвяціць сабой. (Э. Акулін)
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” паэтэса Вера Буланда пакінула ў падарунак плакаты “500-годнасць”, паштоўкі.