“Будзьма!” запрашае на святочны калядны канцэрт са Змітром Вайцюшкевічам і WZ-Orkiestra, які адбудзецца ў канцэртнай залі “Мінск” 7 студзеня.
Выступленне з урачыстым канцэртам, прымеркаваным да свята Божага нараджэння, для самога Змітра Вайцюшкевіча і аматараў ягонай творчасці стала своеасаблівай традыцыяй. Чарговы раз вядомы бард парадуе слухачоў у гэты святы для праваслаўных беларусаў дзень сваімі каляднымі песнямі і добрым настроем.
“Мы адмыслова не прызначалі сёлетні канцэрт на каталіцкія Каляды, бо ў гэтыя дні і без нас ёсць шмат цікавых мерапрыемстваў, якія можна наведаць, – адзначыў Зміцер Вайцюшкевіч. – Мы пазіцыянуем нашу імпрэзу як свята з атмасферай утульнасці і сямейнага цяпла. Я не ведаю дакладна, якія песні буду выконваць, бо заўжды рэакцыя гледачоў лепш падказвае, якія кампазіцыі больш пасуюць да пэўнага моманту і абстаноўкі. Будуць і дзіцячыя, можа крыху простыя песні, а таксама кампазіцыі з новага альбому”.
Імпрэза адбудзецца ў малой залі к/з “Мінск”, і квіткі на яе, што ўжо не можа здзіўляць, даўно распраданыя. Наступны канцэрт, па словах Змітра Вайцюшкевіча, будзе прымеркаваны да 8 сакавіка і мае адбыцца ў вялікай залі к/з “Мінск”.
Фота Уладзімера Бутурлі з сайтаtodar.net