У суботу, 7 лютага у рамках кампаніі “Будзьма” у Глыбокае завітаў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч са сваімі сябрамі-аднадумцамі. На сустрэчы, якія была прысвечаная праблеме захавання гісторыка-культурнай спадчыны Глыбоччыны, прысутнічалі грамадскія актывісты, журналісты, прадпрымальнікі.
Антон Астаповіч заўважыў, што пытанне захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў на Глыбоччыне вырашаецца лепш, чым у іншых раёнах Беларусі, але мае свае “болевыя кропкі”. Так у нашым раёне каля 200 аб’ектаў могуць быць узятыя пад ахову дзяржавы. На дадзены момант статус помніка гісторыі і культуры на Глыбоччыне мае толькі 65 аб’ектаў. Пры гэтым ён заўважыў, што гэты спіс можна павялічыць з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Прысутныя атрымалі грунтоўную юрыдычную кансультацыю аб дзеяннях у такім выпадку. Антон Астаповіч заклікаў глыбачан да супрацоўніцтва і апабяцаў усялякую дапамогу у тых справах, якія з’яўляюцца сферай дзейнасці добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.