11.04.2017 | Абмяркоўваем культуру Кірмаш праектаў Культура на галоўнай Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Кірмаш праектаў “Гарадскія прасторы” шукае ідэі для Віцебска

Традыцыйны “Кірмаш праектаў” у Віцебску збірае прапановы, ідэі і гатовыя праекты для насычэння і развіцця гарадскіх святаў. Кожны ахвочы можа далучыцца да стварэння адметнай святочнай атмасферы, даслаўшы свае прапановы на kirmash.vitsebsk@gmail.com

Тэма “Гарадскія прасторы” — невыпадковая. Усё часцей і часцей у Віцебску адбываюцца культурніцкія імпрэзы, якія даюць новае напаўненне адкрытым (скверы, паркі, дворыкі) і закрытым (музеі, канцэртныя залы, майстэрні) гарадскім прасторам. Так, у 2015—2016 гг. адбыліся розныя мерапрыемствы, якія прадэманстравалі, як можа змяняцца і пашырацца звыклая функцыя розных пляцовак. Сёлетні “Кірмаш праектаў” найперш заклікае з дапамогай культурніцкіх актыўнасцяў пераглядаць самі падыходы да развіцця гарадскіх прастораў і рэалізоўваць розныя смелыя прапановы, якія могуць разнастаіць і палепшыць крэатыўную атмасферу Віцебска.

У Віцебску “Кірмаш праектаў” — адкрытая публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй — адбываецца ўжо 4-ы год запар. У 2014—2016 гг. дзякуючы ідэям, прэзентаваным на “Кірмашы праектаў”, праграма святкавання Дня горада і Дня моладзі была ўзбагачаная такімі падзеямі, як Летні маркет “Барадулінкі”, фестываль актыўнага адпачынку “Свята ветру”, турнір па футбольным фрыстайле “Вежа”, Першая агульнагарадская фотасушка, “Спеўны сход”, вулічныя майстар-класы па танцах і інш.

І ў гэтым годзе адпачынак віцяблян мусіць быць не менш цікавым і адметным. Таму аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска сумесна з культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” абвяшчае адкрыты прыём заявак на фармаванне праграмы гарадскіх святаў. Кожны ахвочы можа даслаць свае прапановы, ідэі і гатовыя праекты на kirmash.vitsebsk@gmail.com да 23.04 уключна.

Прэзентацыя і абмеркаванне дасланых прапановаў адбудзецца 4 мая. Найлепшыя прапановы будуць уключаныя ў праграмы святаў на адміністрацыйным узроўні! Дадатковая інфармацыя ў каардынатара: 8-025-9133876.
“Кірмаш праектаў” — гэта адкрытая публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй, якую грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” ладзіць у многіх гарадах Беларусі. Падчас “Кірмашу праектаў” можна ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў і партнёраў.

Для падачы сваёй ідэі трэба аформіць яе ў выглядзе прэзентацыі, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых падобных сервісах (да 10 слайдаў) па наступным плане:
– імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

– назва, мэта і сутнасць праекта;

– чаму і каму гэты праект патрэбны;

– чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;

– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Калі вы з тых, каму заўсёды хочацца новых і цікавых рашэнняў для свайго горада, яго культуры і вы гатовыя падтрымаць яго развіццё і насамрэч атрымаць задавальненне ад агульнагарадскіх святаў, то гэта ваш шанец!

Чакаем вашыя ідэі да 23 красавіка ўключна на адрас kirmash.vitsebsk@gmail.com.

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика