13 жніўня у мястэчку Крэва Смаргонскага раёна (Гродзенскай вобласці) прайшоў фэст “Крэўскі кірмаш” – свята беларускіх рамеснікаў, музыкаў ды літаратараў, прысвечанае гадавіне падпісання Крэўскай уніі.
Арганізатарамі фестывалю выступілі фонд «Крэўскі замак» (перадусім яго дырэктарка Вольга Кастрамінава), райвыканкам і мясцовы сельсавет. Выступы літаратараў у межах фэсту прайшлі пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Валярына Кустава і Ўладзімір Някляеў
Фэст стаўся падарункаў для жыхароў Крэва і бліжэйшых населеных пунктаў, гасцей з Менску і ўдзельнікаў традыцыйнага валанцёрскага летніка, што садзейнічаюць ахове гісторыка-культурных помнікаў Крэва.
Ураджэнец вёскі, вядомы паэт і гарамдскі дзеяч Уладзімір Някляеў на фестывалі быў уганараваны прэміяй «Крэўскі паэт». Таксама для гасцей на сцэне фестывалю выступілі літаратары Валярына Кустава, Усевалад Сцебурака, Анатоль Івашчанка, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, выканаўцы Таццяна Беланогая, Раман Абрамчук, Раман Яраш і іншыя.
Паміж выступамі праводзіліся конкурсы на веданне гісторыі Крэва, падарункамі для пераможцаў былі ў тым ліку і прэзенты ад кампаніі “Будзьма”.
Нечаканкаю для прысутных сталася залева, што нечакана пачалася сярод фэсту. Але яна не здолела сапсаваць настрой і душэўную атмасферу фестывалю. Папросту гледачы яшчэ шчыльней сталі колам вакол выступоўцаў – і фэст працягваўся…
Відэа з фэсту “Крэўскі кірмаш”(с) Сяргей Гапон, krevo.by : http://kp.by/video/454201/
Фотаздымкі – (с) Сяргей Гапон, krevo.by, Вольга Кастрамінава