Круглы стол па праблемах захавання культурнай спадчыны Бабруйскага і Пухавіцкага раёнаў адбыўся 17 і 18 студзеня ў Бабруйску і Мар’інай Горцы. Правядзенне мерапрыемстваў было ініцыяванае і арганізаванае Добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры.
З лекцыяй, прысвечанай крыніцам вывучэння культурнай і гістарычнай спадчыны Бабруйску, выступіў загадчык аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцер Яцкевіч. Ён зрабіў акцэнт на неабходнасці вывучэння Бабруйску менавіта як сярэднявечнага гораду, што практычна цалкам ігнаруецца афіцыйнымі даследчыкамі і гісторыкамі.
Па словах старшыні таварыства Антона Астаповіча, адзін з галоўных помнікаў Бабруйску – крэпасць ХІХ стагоддзя – дае гісторыкам ўмоўную падставу ўспрымаць гэты век як час паўстання Бабруйску. Практычна гэта ўвасабляецца ў адсутнасці належнай увагі да больш далёкіх гістарычных падзеяў у развіцці Бабруйшчыны.
Падчас круглага сталу з дакладам, прысвечаным гісторыка-культурным каштоўнасцям Бабруйскага раёну, выступіў Антон Астаповіч. “Як ні дзіўна, але амаль усе археалагічныя аб’екты Бабруйшчыны ўнесеныя ў дзяржаўны спіс культурна-гістарычных каштоўнасцяў рэгіёну,” – зазначыў Антон Астаповіч.
Імпрэза ў Мар’інай Горцы адбылася ў мясцовых касцёле Святога Антонія Падуанскага. Яе пачатак упрыгожылі калядныя спевы хору Нацыянальнай акадэміі навук “Акадэмія”. З дакладамі выступілі Зміцер Яцкевіч і Антон Астаповіч.
Як зазначыў Антон Астаповіч, значная колькасць мясцовых архітэктурных помнікаў Пухавіччыны дагэтуль не знаходзіцца пад аховай дзяржавы.Сярод іх рэшткі сядзібы Аштрапаў, касцёл Святога Роха ў Шабунях, сядзібны дом ХІХ стагоддзя роду Макавых.
Мерапрыемствы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма!”.