“Будзьма беларусамі!” і TUT.BY-TB зладзілі ток-шоу “СМІ і культура: Якой мусіць быць культурніцкая журналістыка?”
Ці сапраўды існуе праблема “другаснасці” беларускай культуры, якая робіць яе нецікавай масаваму гледачу/чытачу? І калі так, то ці можна ад яе пазбавіцца? Якая роля ў канструяванні гэтай праблемы належыць СМІ, а якая — самім творцам? Ці здольныя ўрэшце стужкі навінаў пераўтварыцца ў кулямётныя стужкі ў вайне з бескультур’ем, абыякавасцю і сацыяльнай апатыяй?
У Беларусі актыўна з’яўляюцца нішавыя выданні, новамедыйныя фарматы, якія дазваляюць ахапіць моладзевую аўдыторыю. Камерныя культурніцкія мерапрыемствы карыстаюцца папулярнасцю: імі поўняцца раздзелы афіш на кожным СМІ-сайце і адмысловыя старонкі ў сацсетках. Нягледзячы на гэта, на шырокай інфармацыйнай прасторы па-ранейшаму дамінуюць прадстаўнікі расейскага і заходняга шоубізу, а ў свядомасці шараговых беларусаў усё яшчэ існуюць стэрэатыпы пра “правінцыйнасць” сучаснай беларускай культуры.
Ці здольная культурніцкая журналістыка палепшыць нашае жыццё і свае пазіцыі ў медыя, разважалі: Віктар Марціновіч, намеснік рэдактара “БелГазеты”, журналіст, калумніст, выкладчык гісторыі мастацтва ў ЕГУ, пісьменнік; Таццяна Заміроўская, журналістка, пісьменніца, музычны крытык (“БелГазета”, “Большой”, калісьці – “Музычная газета”), вядомая сваім індывідуальным стылем; Алег Хаменка, музыка, лідар гурта “Палац”, культрэгер; Міхал Анемпадыстаў, дызайнер, графік, фатограф, “рок- паэт”, перакладчык і публіцыст; Алесь Плотка, PR-мэнэджар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, паэт, менеджар культурніцкіх праектаў.
Караля робіць світа, і калі мы наракаем што ў нас няма зорак ці пра іх не ведаюць, – гэта значыць што пра іх не тыя людзі пішуць. Тэмы культуры павінны асвятляць адмыслоўцы, а не тое, што там учора пісаў пра угнаенні, сёння пра мітынгі, а заўтра пра культуру, – лічыць Сяргей Харэўскі.
“Ёсць праблема даверу да СМІ. Няма па сутнасці пляцоўкі, якой давяраў бы ні я асабіста, а якому б давярала грамадства. Культура сёння гэта не толькі тавар, але і зброя. І сёння ў культуры супраць нас рэальна ваююць. А мы не толькі не ваюем у адказ, мы нават не абараняемся. Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі, забяспечце бяспеку дзяржавы ў культуры!”, – такім палымяным зваротам падвёў рысу пад дыскусіяй Алег Хаменка, лідар гурта Палац.
Мадэратар: Ірына Віданава (citydog.by). Удзел узялі актыўныя прадстаўнікі культурніцкага жыцця Беларусі.
Фота: Аляксандр Ждановіч
Відэа: TUT.BY-TB