26 жнівеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Лоеўскай раённай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча паэткі Валянціны Восіпавай з удзельнікамі літаратурнага клуба “Гучнае слова”.
Паэтка пазнаёміла слухачоў з уласнымі вершамі і творчасцю сучасных беларускіх паэтаў, расказала аматарам паэзіі аб літаратурным працэсе ў краіне, аб дзейнасці Саюза беларускіх пісьменнікаў, аб папулярных літаратурных выданнях. Удзельнікі клуба аматараў паэзіі таксама падзяліліся сваёй творчасцю са слухачамі. Алесь Кукара зачытаў свае патрыятычныя вершы, пранікнутыя вялікай любоўю да роднай Лоеўшчыны, да людзей, якія жывуць і працуюць побач. А Іван Лямешка прыўнёс у творчую атмасферу гумарыстычную нотку, зачытаўшы свае байкі. Слухачы з вялікай цікавасцю ўспрыймалі вершы, прымалі ўдзел у гістарычнай віктарыне.
Прыемна адзначыць, што на літаратурнай імпрэзе прысутнічала многа дзяцей, што гаворыць аб мэтанакіраванай дзейнасці бібліятэчных работнікаў. Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” Валянціна Восіпава перадала ў дар Лоеўскай бібліятэцы кнігі і часопісы, а слухачы атрымалі на памяць аб паэтычнай імпрэзе закладкі і паштоўкі на роднай мове.