У фокусе інтэлектуальнага дыялогу з удзелам вядомых мысляроў Беларусі, гэтым разам распачатага ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма”, апынуўся і Магілёў. 29 кастрычніка тутэйшая публіка мела магчымасць гутарыць з выбітнымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі краіны: медыяэкспертам Алесем Анціпенкам, філосафам Валянцінам Акудовічам і журналістам, кінакрытыкам Максімам Жбанковым.
Падчас сустрэчы адбылася сумесная прэзентацыя літаратурна-філасофскага часопісу “Паміж” і апошняга нумару альманаху сучаснай беларускай культуры “pARTisan”, тэма якога гучыць як “Лузеры”. Як зазначыў галоўны рэдактар “pARTisanу” Артур Клінаў на прэзентацыі нумару 2 верасня, тэма “лузерства” застаецца актуальнай для Беларусі, якая пасля ўваходу ў Расійскую імперыю 2 стагоддзі таму ўсё яшчэ не можа выбрацца з кола няўдачаў.
Другі праект, часопіс “Паміж”, уяўляе сабой пляцоўку для творчасці маладых людзей, уцягнутых у філасофскі і літаратурны дыскурс краіны. Ён быў створаны на базе літаратурна-філасофскага аддзялення Беларускага Калегіюму, кіраўніком якога з’яўляецца Валянцін Акудовіч. Як зазначыў Максім Жбанкоў, не зважаючы на той факт, што часопіс не ўлучаны ў публічную літаратурную прастору краіны і не распаўсюджвацца традыцыйнымі камерцыйнымі метадамі, якасць тэкстаў адпавядае самым высокім стандартам.
Падчас імпрэзы выступаў і сябра Рады Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Алесь Анціпенка, які прадставіў публіцы інфармацыю пра вынікі медыя-маніторынгу, праведзенага Беларускай Асацыяцыяй Журналістаў падчас парламенцкіх выбараў 28 верасня.
Агульнае ўражанне ўдзельнікаў мерапрыемства можна выразіць кароткай фразай спадара Акудовіча: “Я бачыў, як у маладых людзей блішчалі вочы”. Па яго словах, у Магілёве існуе развітая прастора, прыдатная для плённага інтэлектуальнага мыслення, у якую актыўна ўцягнутыя людзі абсалютна рознага ўзросту.
Сёння, 30 кастрычніка, Артур Клінаў, Максім Жбанкоў, Валянцін Акудовіч і Андрэй Хадановіч наведаюць Гародню. Шчыра зычым усім беларускім мыслярам творчых поспехаў і ўдзячнай аўдыторыі!