На працягу месяца ў горадзе над Бугам па ініцыятыве мясцовай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў праходзіў конкурс журналісцкіх прац па тэме “Праз Брэст у Еўропу”.
На электронную скрыню конкурсу прыйшло больш за 20 прац, а гэта артыкулы, вершы, фотарэпартажы і прэзентацыі, у якіх моладзь разважае над еўрапейскім мінулым і будучыняй роднага горада Берасця ў Еўропе. У намінацыі “Артыкул па тэме “Праз Брэст у Еўропу” перамагла Яўгена Мароз са сваёй працай “Фартыфікацыйныя ўмацаванні”. У намінацыі “Фотаадлюстраванне ” Праз Брэст у Еўропу” лепшымі прызнаныя працы Аляксандра Шульгача. Лепшым мастацка-літаратурным творам стаў верш Вікі Лукашук “Любовь к себе, любовь к стране …”. Спецыяльным прызам у намінацыі “На роднай мове пра родныя мясціны” адзначаная Хаўрылюк Мая за прэзентацыю на беларускай мове “Горад над Бугам”.
Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі ад БАЖу і кампаніі “Будзьма”.
Прадстаўнікі “Будзьма” распавялі пра мэты кампаніі і тыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў межах кампаніі па ўсёй краіне. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі прыемныя падарункі з лагатыпамі “Будзьма”.
Больш падрабязна пра гэта расказаў Алег Супрунюк, кіраўнік Берасцейскай філіі БАЖ:
– Наша арганізацыя адна з самых вялікіх па колькасці сярод філій БАЖу. Таму ў нас ёсць разнастайныя праекты. Адзін з апошніх – конкурс, які мы абвясцілі для маладых творчых асобаў, якія пакуль вучацца ў школах, з’яўляюцца студэнтамі, але ў тым ліку мараць і пра прафесію журналіста. Мне падалося што для першага разу было даволі шматлюдна, у тым сэнсе, што было нямала цікавых і разнастайных артыкулаў, фотаздымкаў. Увогуле людзі праявілі сябе падчас гэтага конкурса неабыякавымі да гісторыі нашага краю. Гэта адзін з невялікіх пунктаў дзейнасці нашай філіі. У прынцыпе мы хацелі б яе зрабіць яшчэ больш актыўнай. У тым ліку спадзяемся і на маладых журналістаў, якія толькі пачынаюць свой шлях у гэтую прафесію.
Конкурс скончыўся, але гэта толькі першы этап вялікага праекту “Праз Брэст у Еўропу”. Пра далейшыя мерапрыемствы ў межах праекту распавядае адна з яго арганізатараў Жанна Сідарук:
– Мы вырашылі актывізаваць юных журналістаў нашага рэгіёна для таго каб яны пісалі пра свой горад, яго ўнікальнасць, пра еўрапейскі характар Берасця, пра тое як сябе адчуваюць людзі, якія тут жывуць, што можна паглядзець гасцям: аб патэнцыяле як турыстычным, так і культурным горада. І на нашу прапанову адгукнулася каля 20 чалавек. Мы падвялі вынікі, узнагародзілі лепшых. Але запрасілі да далейшага ўдзелу ў семінарах усіх удзельнікаў. Спадзяемся яны аб гэтым не пашкадуюць і будуць больш актыўна супрацоўнічаць з нашымі берасцейскімі недзяржаўнымі газетамі. Далей мы плануем правесці семінары па журналістыцы, звязаныя менавіта з тэмай гэтага конкурсу, а потым правесці 5 прэс-тураў па нашай вобласці, каб маладыя журналісты змаглі свае тэарэтычныя веды выпрабаваць на практыцы