“Metallection” сабраў айчынныя метал-гурты 13 лютага ў мінскім клубе “Рэактар”. Імпрэзу традыцыйна ладзіць прадусарская ініцыятыва BMA-group, гэтым разам пры падтрымцы кампаніі “Будзьма!”.
Прыхільнікі беларускага хэві-металу бачылі на сцэне Soulsides, Weeping Twilight, Nightsight Glance, Litvintroll, Asguard, The Dim Sun. Музычны стыль выканаўцаў вар’яваўся ад класічнага хэві-мэтал да сімфанічнага блэк/дэт-метал і эксперыментальнага rock-&-troll.
Вечар пятніцы 13-га таксама стаўся багатым на кавер-версіі сусветна вядомых хітоў. У выкананні Litvintroll прагучала фольк-металавая версія “Breaking the law” гурту Judas Priest з выкарыстаннем беларускіх жалеек і акардэона. А “блэкеры” “Nightsight Glance” прадставілі публіцы свой музычны эксперымент, спалучыўшы агрэсіўны метал і мізантрапічныя тэксты з клавішнай аранжыроўкай, для якой выкарысталі матыў хіта 80-х “Voyage Voyage”.
Падчас фэсту гурт Litvintroll упершыню прэзентаваў свой дэбютны альбом “Rock-&-troll”. Малады, але ўжо дасведчаны ў музычным плане гурт (трое музыкаў граюць таксама ў гурце Partyzone, а лідэр гурту Андрэй Апановіч і бубнач Сяргей Тапчэўскі — у Старым Ольсе) прапанаваў мінскай публіцы некалькі кампазіцый з альбому, у тым ліку “Купалінку” і загалоўную песню “Rock-&-troll”. На фэсце таксама здымалі відэа для будучага кліпа Litvintroll.