“Гэта было непараўнальна!”, “Дзякуй музыкам за іх талент!”, “Дзякуй арганізатарам за добры настрой і незвычайны вечар!”, – чуліся ўражаныя галасы гледачоў пры выхадзе з малой залі к/з Мінск, у якой 2 снежня ў межах кампаніі “Будзьма!” праходзіла прэзентацыя супольнага музычнага праекту “Народны альбом”.
Канцэрт скончыўся, але ў залі яшчэ доўгі час чуліся словы падзякі і спробы выказаць тое, што часам нельга аформіць у ідэальны моўны радок, бо яно занадта моцнае і непадуладнае цвярозаму розуму. Сапраўды, “Народны альбом” учора атрымаўся. Не ведаю, што выклікала такі ажыятаж перад канцэртам і рэакцыю публікі падчас выступу, але свята было, і яно было непаўторным.
Імёны ўдзельнікаў праекту , сярод якіх Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Веранікі Кругловай ужо сталі хадзячай назвай. Уявіце іх на адной сцэне, у вобразе польскага пана з высокімі гумавымі батфортамі, савецкага жаўнера ў бруднаватай камізэльцы ці моднай паненкі, у вопратцы, што мае адмысловае адценне камічнасці і схаванай іроніі, па-ранейшаму таленавітых, натхнёных магчымасцю зноў выступаць перад сваімі фанатамі, і ўдзячную публіку насупраць – і вы адчуеце, якая атмасфера панавала ўчора ў канцэртнай залі.
Шмат вядомых і паважаных беларускай публікай асобаў прысутнічала ў залі, сярод якіх Валянціна Аксак, паэтка і жонка славутага гісторыка Уладзімера Арлова, і Зміцер Герасімовіч, аўтар ілюстрацыяў да адной з самых чытаных кніг аб гісторыі Беларусі “Краіна Беларусь”. За свой ўнёсак у развіццё беларускай культуры вядучы канцэрту і аўтар праекту Міхал Анемпадыстаў узнагародзіў іх падарункамі ад “Будзьмы!”. Напрыканцы ён зазначыў: “Больш за ўсё ў прадукцыі кампаніі “Будзьма!” мне падабаюцца торбы. Яны маюць сімвалічнае значэнне, і, на мой погляд, увасабляюць саму кампанію: унутры яны пустыя і мусяць быць запоўненыя, таксама як і кампанія “Будзьма!” заклікае кожнага беларуса далучыцца і зрабіць свой уласны ўнёсак у агульную будучыню”.
Я не памятаю, калі ў апошні раз мне не хацелася, каб імпрэза сканчвалася. Магчыма, гэта было на канцэрце гурту Bon Jovi паўгады таму ў адным з найвялікшых стадыёнаў у Еўропе Amsterdam Arena, калі я, далучыўшыся да шалёных галандцаў, вар’яцела ад песні дзяцінства Livin’ on a Prayer у жывым выкананні майго куміру.
Хаця прэзентацыя “Народнага альбому” не мела такой маштабнасці, такое ж адчуванне было ў мяне і ўчора. І, відаць, не толькі ў мяне: па сканчэнні імпрэзы публіка пачала настойліва патрабаваць працягу. Але непахісны Міхал Анемпадыстаў не паддаўся, заклікаўшы ўсіх жадаючых прыйсці на другі дзень канцэрту 3 снежня.
“Поспех ці правал любога мерапрыемства канстатуюць не арганізатары, а гледачы. Але той факт, што людзі куплялі вельмі дарагія, на мой погляд, квіткі на імпрэзу культурніцкага характару сведчыць шмат аб чым,” – падзяліўся з “Будзьма!” сваімі ўражаннямі ад канцэрту Міхал Анемпадыстаў.
“Народны альбом” – супольны музычны праект з удзелам шэрагу вядомых беларускіх музыкаў, у тым ліку Лявона Вольскага, Веранікі Кругловай, Касі Камоцкай, Зміцера Вайцюшкевіча, Піта Паўлава. У склад альбому уваходзяць пераапрацаваныя фальклорныя беларускія спевы і песні аўтарства Міхала Анемпадыстава, змест і форма якіх у метафарычнай і іранічнай форме распавядаюць пра жыццё жыхароў Заходняй Беларусі перыяду паміж першай і другой сусветнымі войнамі, калі гэтая тэрыторыя была далучаная да Савецкага Саюзу. Пра ўспрыманне свайго “памежнага становішча” паміж Захадам і Усходам, Польшчай і Расіяй, польскімі панамі і савецкімі жаўнерамі распавядаюць “Пад прыгнётам панскім”, “Два польскіх шпіёны”, “Надзенька” і іншыя песні, якія ўжо даўно сталі хітамі. Праект быў скампанаваны і выдадзены ў 1997 годзе, на фестывалі “Рок-каранцыя” ў тым жа годзе ён быў прызнаны “Альбомам году”. Аўтар ідэі і большасці песняў “Народнага альбому” – Міхал Анемпадыстаў.
Фота аўтара.