У межах кампаніі “500-годнасць” 13 ліпеня паэтка Наста Кудасава завітала ў дзіцячы лагер “Папараць-кветка”, што месціцца ў жывапісным куточку Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Сустрэча сабрала поўную залю гледачоў – дзяцей усіх узростаў, ад шасці да чатырнаццаці гадоў. Наста Кудасава прэзентавала ім новую кнігу “Маё невымаўля”, распавяла пра сябе і пра быццё сучаснай беларускай літаратуры. Знаёмства з паэткай выклікала ў маленькіх слухачоў шквал самых розных пытанняў – пра тое, як пішуцца вершы і што на гэта натхняе, пра захапленне беларускай мовай і беларускай гісторыяй. Некаторыя нават прызналіся, што таксама пішуць вершы і жадаюць вырасці паэтамі.
Наста Кудасава пазнаёміла прысутных з кампаніяй “500-годнасць” і з гісторыяй беларускага кнігадрукавання. Дзеці з цікаўнасцю прымалі ўдзел у імпрэзе – адказвалі на пытанні, спаборнічалі ў конкурсах, а напрыканцы чыталі на памяць вершы беларускіх класікаў.
Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.