17 кастрычніка 2017 года кампанія “Наша 500-годнасць” завітала ў Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці. Мікашэвіцкая гімназія імя Ўладзіслава Нядзведскага сустракала вядомых беларускіх літаратараў: Анатоля Вярцінскага, Васіля Жуковіча і Георгія Ліхтаровіча.
Спачатку гасцей чакала невялічкая экскурсія па вучэбных класах і музеі Ўладзіслава Нядзведскага, а потым яны трапілі пад пільныя і зацікаўленыя позіркі дзіцячых вачэй.
Анатоль Вярцінскі, як старэйшы і мудрэйшы, правёў урок у 9-ым класе. Васіля Жуковіча, у паэзіі якога шмат дзіцячых вершаў, на працягу наступнай вучэбнай гадзіны слухалі вучні 4-га класа. А Георгію Ліхтаровічу дастаўся 6-ы клас.
Размова ішла і пра гісторыю беларускага кнігадруку, і пра постаць нашага славутага земляка Францішка Скарыны, і пра сучасны стан прыгожага пісьменства ў Беларусі. Вучні, слушна адказваючы на пытанні гасцей, атрымоўвалі памятныя падарункі, а потым і самі літаральна засыпалі іх пытаннямі. Нават званок, які абвесціў перапынак не змог спыніць цікаўнасці гімназістаў.
Пазней адбылася вечарына прысвечаная дзвюм падзеям: юбілею беларускага кнігадруку і памяці пісьменніка Ўладзіслава Нядзведскага, імя якога з гонарам носіць Мікашэвіцкая гімназія. У актавай зале акрамя гімназістаў старэйшых класаў і выкладчыкаў гімназіі прысутнічалі кіраўнікі і супрацоўнікі бібліятэк, госці з Лунінца, мясцовые літаратары і прадстаўнікі раённай прэсы. Гучалі вершы прысвечаныя Францішку Скарыне, слаўнаму гораду Полацку і Беларусі.
Пасля працяглай і змястоўнай імпрэзы слухачы мелі магчымасць набыць кнігі гасцей і атрымаць аўтографы.