1 лютага паэт Андрэй Хадановіч завітаў у мінскую гімназію № 9. У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася сустрэча з вучнямі другіх, трэціх, чацвёртых і пятах класаў.
У межах імпрэзы аўтар прэзентаваў кніжку “Нататкі таткі”, а таксама спяваў песні і адказваў на пытанні. Актавая заля была поўная, публіка – шумная, а яе рэакцыя – эмацыйная, так што Андрэй за 45 хвілін ледзь не ахрып, але збольшага застаўся задаволены.
“Пасля сустрэчы, – кажа ён, – некаторыя слухачы падыходзілі, працягвалі задаваць пытанні, выказвалі свае ўражанні. Дзякавалі за тое, што “было незвычайна і смешна”. Казалі, што здзівіліся – “аказваецца, можна так пісаць”. Я выпадкова пачуў, як хтосьці з хлопцаў, выходзячы з залі, падагульніў: “Прыкольна. Саўрыменна. Нават дзіўна, што па-беларуску”. Відаць, трэба часцей да іх прыходзіць, каб не дзівіліся”.