Недзе далёка-глыбока ў гісторыі засталіся, напэўна, азнакі, што й Францішак Скарына хадзіў з каляднай дружынай пад вокны местачкоўцаў ды выспеўваў ухвальныя гімны гаспадыні й гаспадару, дзеткам-зоркам і ўсяму Сусвету. І блізка ж не здагадваўся юнача, што праз паўтысячы гадоў з яго імём і на гонар ягонай чыннасці будуць хадзіць каляднікі ды наладжваць святочныя сустрэчы.
А вось гэтак і сталася тут, на зямлі нашай памятлівай. Калядуем у лучнасці з першадрукаром. Ды й не адно калядуем. Увесь год прамінулы Скарына ахоўваў-аберагаў, суправаджаючы падарожных у шляхах далёкіх ды годных.
Вось і ў самую пушчу-дрымушчу, у палесскі кут, напрыканцы 2017-га завіталі спявачка Алеся Сівохіна і паэтка Антаніна Хатэнка. Сонцазваротнай парой спаткаліся яны з насельнікамі гэтых мясцін і прыгадалі старадаўнія традыцыі калядавання.
23-га і 24-га снежня тут, у вёсцы Стойлы, дзе працуе культурна-адукацыйны цэнтр “Вясковы рэнесанс”, звычаёва цёпла й шчыра склаліся стасункі гаспадароў і шматлікіх гасцей.
Школьнікі з бліжняга райцэнтру Жабінка, а затым дзятва з бацькамі з Брэсту, прыехаўшы ў пакінутае даўно селішча, былі надзвычай усцешаны пабачыцца са сталічнымі творцамі і патрапіць у атмасферу народнага абраду. Усе разам прыгадвалі калядныя вершы і аповеды, зладжвалі старажытныя гульні, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і спевах, ператвараліся ў калядных Казу, Мядзведзя, Бусла, Каня… Абменьваліся дарункамі, як тое рабілася ў Краі нашым спакон веку.
Гэтак падлеткі, адрачоныя ад праўдзівай гісторыі і мовы, праз паэзію, песню, абрадавую дзею павяртаюцца да адпачатнай існасці, акрэсліваюць спакваля сваю этнічную прыналежнасць. А таму Вялікая Куцця – першая калядная вячэра, праведзеная адпаведна са старадаўнім звычаем, сталася ці не для кожнага з каляднай гасціны прыступкай на лесвіцы сведамлення сябе тут, на Радзіме, годным пераемнікам, падсілкаваным і ахаваным памяццю вякоў.