Дэсант культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” высадзіўся ў Полацку і Наваполацку. У кожнага дэсантніка – паэта Сяргея Панізніка, музыкі Таццяны Беланогай і журналіста Глеба Лабадзенкі – былі свае цікавыя аповеды для палачанаў.
Першы выступ адбыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Увогуле, ведаеце, чароўнае ўражанне – выступаць ва ўніверсітэце, на эмблеме якога стаіць год заснавання – 1581 (палачане адлічваюць яшчэ ад езуіцкага калегіюма)! Ды і сам факультэт месціцца ў будынку XVIII стагоддзя – зразумела, з аўдыторыяў з трохсотгадовымі скляпеннямі выйдуць зусім іншыя студэнты, чым са страшных савецкіх панэльных будынкаў.
Але хоць будынак і гістарычны, абсталяваны ён па апошнім слове тэхнікі – будзьмістам лёгка знайшлі аўдыторыю з праектарам, калонкамі, кампутарам і экранам. Дэкан факультэта Наталля Багданаўна Лысава ганарыцца, што кіруе такім факультэтам у такім універсітэце.
Другі выступ прайшоў раздзельна – паэт Сяргей Панізнік выступаў перад дзеткамі ў полацкай гімназіі №1, а Глеб і Таццяна – перад вучнямі гімназіі №2. У гімназіі №2 таксама не спяць у шапку – і праектар маюць, і экран, і добрыя калонкі. Ды і гімназісты тут адборныя, з усёй Віцебскай вобласці сабраныя. Будзьмісты проста з інтэрнэту паказалі юным палачанам пяціхвілінны кліп “Будзьма беларусамі!” (кароткая гісторыя Беларусі ў мульціку), а потым правялі конкурс: хто які момант найлепш запомніў? Ці трэба казаць, што найлепш палачанам урэзалася ў душу, што “Францішак Скарына – канкрэтны мажор, вучыўся не ў Полацку, а за мяжой”?.. Удзельнікі конкурсу атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Увечары дэсант “Будзьмы” прыбыў у Цэнтр рамёстваў Полацка. Ягоная дырэктарка Валянціна Крук, дзякуючы якой культурнае жыццё Полацка надзвычай актыўнае, прызналася, што перад кожнай імпрэзай асабіста абзвоньвае і запрашае некалькі дзясяткаў чалавек – сяброў Цэнтра рамёстваў. І гэтым разам быў аншлаг – усе лавы і крэслы былі запоўненыя. Ансамбль Цэнтра выканаў спачатку 2 песні на вершы Сяргея Панізніка – земляка тут ведаюць і ганарацца ім. Таццяна Беланогая заспявала некалькі сваіх песняў, а Глеб Лабадзенка расказаў пра сваю працу апошніх гадоў – журналісту ўдалося сабраць больш за 600 даваенных здымкаў Нясвіжскага замка і роду Радзівілаў. Глеб марыць выдаць гэта ў выглядзе альбома, але сродкі пакуль знайсці не ўдаецца.
Назаўтра творчая брыгада наведала Педагагічны каледж пры Віцебскім універсітэце, які знаходзіцца таксама ў Полацку. Там паслухаць будзьмістаў сабралася цэлая актавая зала. Таццяна Беланогая правяла конкурс – навучэнцы называлі, чым яны ганарацца ў Беларусі. Апроч Мірскага і Нясвіжскага замка гучалі, канечне, “мясцовыя” адказы – Скарына, Ефрасіння Полацкая, Сафійскі сабор. Былі і сучасныя фішкі – клуб БАТЭ і Нацыянальная бібліятэка з Мінск-арэнай. Усе, хто даваў адказ, атрымлівалі паштоўкі ад “Будзьмы” з серыі “Мы адметныя!”
Увогуле ж, як прызналіся выступоўцы, наведваць самы стары горад Беларусі – заўсёдны гонар і заўсёдная радасць!
Ул. інф.