У старадаўнім мястэчку Ракаў над хуткаплыннай Іслаччу ў межах кампаніі “Будзьма” адбыліся літаратурныя сустрэчы з нагоды 210-гадавіны з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Першая з іх прайшла ў мясцовым касцёле, куды на сустрэчу з парафіянамі прыехалі паэты Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла. Да іх далучыўся і ракаўчук Язэп Янушкевіч.
Ён распачаў выступленні кароткай характарыстыкай-згадкай па жыццёвы і творчы шлях вялікага наваградчаніна: «Усе ягоныя вершы — пра Радзіму: родную Літву. А ўсё ягонае жыццё — служэнне на хвалу Бацькаўшчыне. Хай сабе незваротна страчанай, але тым больш жаданай. «Прыпасці ў слязах ды сырой зямлі, / Сляды цалаваць дарагія, / Хвароба гэтая ў дактароў / Завецца настальгія» (Г.Гайнэ). І гэты выбар, асэнсаваны і пройдзены ім да канца, не пакідаў яму нічога іншага, апроч несмяротнасці».
Міхась Скобла на пачатку сваёй прамовы прывёў лічбу: па ўсім свеце Адаму Міцкевічу пастаўлена 54 помнікі – бадай, найбольш, з усіх паэтаў планеты. Выступоўца згадаў дыскусіі ў Польшчы адносна мовы Міцкевіча, якая была почасту проста незразумелая для палякаў. Міхась Скобла прачытаў свой пераклад верша К. І. Галчынскага “Ахвяры свярэпы”, героі якога, польскія літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, збіліся з ног, шукаючы па слоўніках тлумачэнні словаў з “Пана Тадэвуша”: «дзяцяліна», «свірэпка» і г.д.
«Ставячы паўсюдна помнікі нашаму земляку, палякі тым самым быццам спяшаюцца засведчыць, што Міцкевіч толькі паэт польскі, ігнаруючы ягонае месца народзінаў і ягоную паўсюдную падкрэсленасць ліцвінскасці», – працягнуў думку калегі Уладзімір Някляеў. — У тым была найбольшая трагічнасць ягонага лёсу, бо, выбраўшы для самавыяўлення мову суседзяў, ён тым самым пазбавіў сваіх землякоў магчымасці паразумення ў будучым. Прагучаў у касцёле і верш У. Някляева «Я ўцёк з Радзімы…», прысвечаны А.Міцкевічу:
Прасцяг нябёс зацьмілі крумкачы,
І страшна стала — хоць ты ў ноч крычы,
І ён з Літвы надумаўся ўцячы,
І выбіраў краіну межавую,
А ўцёк ён — мову выбраўшы чужую.
Напрыканцы сустрэчы Язэп Янушкевіч перадаў пробашчу Ракаўскага касцёла Дзмітрыю Барылу калядны падарунак — Збор твораў Адама Міцкевіча ў 17 тамах, перавыдадзены нядаўна ў Варшаве. Кнігі прызначаныя для будучай бібліятэкі, якая неўзабаве паўстане ў касцёльным доме – плябаніі, што адбудоўваецца намаганнямі вернікаў ракаўскай парафіі. Такога збору, да слова, не мае нават Нацыянальная бібліятэка краіны.
Яшчэ адна сустрэча пісьменнікаў адбылася ў мясцовым Доме культуры, загадчыца якога Лізавета Лямбовіч-Пятроўская выказала пажаданне, каб такія спатканні зрабіць традыцыйнымі. З задавальненнем праслухалі выступы пра творчасць Адама Міцкевіча і настаўнікі Ракаўскай сярэдняй школы; аказваецца, менавіта з Міцкевіча распачынаецца трэцяя навучальная чвэрць у старшакласнікаў краіны.