11-га траўня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” у мінскай бібліятэцы-філіяле № 14 імя Францішка Багушэвіча адбылася сустрэча драматурга і акцёра Васіля Дранько-Майсюка з навучэнцамі Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайна лёгкай прамысловасці.
У лёгкай, нязмушанай, тэатралізавана-інтэрактыўнай форме гутарылі і разважалі пра творчасць Францішка Багушэвіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна. Васіль расказваў пра кожнага з гэтых пісьменнікаў цікавыя факты, цікавіўся, што зараз чытае моладзь, якія іх захапленні. Размаўлялі пра сучасны тэатр і які трэба зрабіць тэатр, каб ён падабаўся моладзі.
Акрамя таго, Васіль зачытаў урыўкі са сваёй п’есы, прысвечанай У. Мулявіну, “Пясняр”.
Сустрэча павінна была доўжыцца каля 40 хвілін, але ўдзельнікі доўга не адпускалі госця і патрабавалі ад яго новых цікавых фактаў пра нашых літаратраў.