Ня гледзячы на летні час з вялікім посьпехам у Полацкім музеі кнігадрукавання прайшла прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова “Ад Полацка пачаўся свет”, якая выйшла ў выдавецтве “Рыфтур” на беларускай і ангельскай мовах. Больш за 70 аматараў літаратуры і гісторыі слухалі выступы самога пісьменніка, а таксама выдаўца і аўтара фотаздымкаў да кнігі Сяргея Плыткевіча, а таксама фундатара выдання Паўла Бераговіча. Пераможцы праведзенай гасцямі гістарычнай віктарыны атрымалі падарункі ад грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”. Асабліва ўрачысты настрой надалі сустрэчы музыкі гурта “Літ і Талер”, у выкананні якіх прагучала старадаўняя беларуская музыка, у тым ліку барочныя мелодыі з славутага “Полацкага сшытка”.