Суботнім ранкам мінская Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага напоўнілася звонкімі дзіцячымі галасамі — не менш за 150 дзетак і іх бацькоў прыйшлі на чароўную сустрэчу з любімымі героямі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста. Пэтсан і Фіндус сталі настолькі блізкімі нашай публіцы, што на пытанне: «На якой мове размаўляюць героі?» дзеткі з залы адказалі: «На беларускай!»
Ранішнік быў зладжаны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь.
Музычны канцэрт, створаны Андрусём Такіндангам і Валерыяй Валадзько па матывах кніг “Фіндус з’язджае” і “Паляванне на ліса”, перакладзеных на нашую мову Надзеяй Кандрусевіч і выдадзеных у серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў, прайшоў на ўра!
Маленькія гледачы запаміналі новыя беларускія словы, спявалі і танчылі разам з персанажамі, вучыліся казаць адно аднаму “Калі ласка” і “На здароўе”, адказвалі на пытанні віктарыны, атрымлівалі прызы і нават лопалі паветраныя балонікі (праўда, пад чуйным назіраннем дарослых і выключна дзеля сюжэту ўлюбёных казак).
Вяла імпрэзу Таццяна Дайнека, выступіла перакладчыца Надзея Кандрусевіч. Па завяршэнні канцэрту дзетак чакалі новыя кнігі, салодкія пачастункі і фота на памяць.