Невялікі гарадок Бяроза, Брэсцкай вобласці хоць і знаходзіцца далёка ад сталіцы, але не стаіць збоку ад культурніцкага жыцця краіны. У гэтым годзе плануецца правядзенне 4-га музычна-літаратурнага фэста “Славянскі вянок”, які збірае на сваёй сцэнічнай пляцоўцы паэтаў і пісьменнікаў з многіх славянскіх краін, у школах рэгулярна ладзяцца імпрэзы з паэтамі і пісьменнікамі. І на гэты раз, у межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у школе №1 і школе №3 г. Бярозы 16 сакавіка прайшлі творчыя сустрэчы з літаратарамі Берасцейшчыны Валянцінай Осіпавай і Аляксеем Белым. Яны былі прысвечаны галоўнай для славянскага свету падзеі – 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Валянціна Осіпава пачытала свае новыя вершы, нагадала слухачам пра акцыю 500-годнасць, якая праходзіць у нашай краіне, распавяла пра асветніцкую дзейнасць Францішка Скарыны, правяла сярод школьнікаў гістарычна- інтэлектуальную віктарыну. Паэтка звярнула ўвагу вучняў на тое, што зараз усё большы прэстыж беларуская мова набывае сярод моладзі, распавяла пра літаратурныя выданні на роднай мове. Размова ішла таксама пра нацыянальны гонар і пачуццё ўласнай годнасці. Аляксей Белы расказаў вучням пра свой творчы шлях, таксама пазнаёміў са сваімі вершамі. Сустрэча прайшла ў цёплай эмацыянальнай атмасферы. Дзеці дыскусіравалі,задавалі цікавыя пытанні, дзяліліся думкамі і ўражаннямі. Многія з іх за актыўны ўдзел былі ўзнагароджаны памятнымі паштоўкамі , а школьная бібліятэка, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, папоўнілася новымі экзэмплярамі сучасных беларускіх часопісаў. Аляксей Белы, які ўпершыню наведваў Бярозу, з вялікім задавальненнем пазнаёміўся з гістарычнымі помнікамі, якімі слынны гэты гарадок. Баранавічскі творца наведаў так званыя “чырвоныя казармы”, дзе калісьці знаходзілася знакамітая польская турма, пабываў на месты зруйнаванага Картузіянскага кляштару, дзе зараз вядуцца рэстаўрацыённыя работы.