17 снежня ў Белаазерскай бібліятэцы імя Ніны Мацяш і ў філіі аздараўленчага цэнтра “Энергія” РУП Брэстэнэрга адбыліся творчыя сустрэчы з Людмілай Паўлікавай-Хейдаравай і Валянцінай Осіпавай у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Паэткі пазнаёмілі прысутных з культурніцкай акцыяй: “500-годнасць беларускага кнігадруку”, якая праходзіць у нашай краіне увесь 2017 год.
Размова са слухачамі ішла пра прадмовы да Бібліі Францыска Скарыны, Статут Вялікага княства Літоўскага, праводзіліся паралелі з гісторыяй кнігадруку Расіі, Украіны, Англіі і Германіі, дзе выразна бачылася перавага айчыннага кнігадрукавання.
Шмат момантаў творчага шляху Скарыны з’явіліся навіной для слухачоў, тым болей, што на творчай сустрэчы ў аздараўленчым цэнтры “Энергія” прысутнічалі госці з Украіны і Расіі.
Несумненную цікавасць выклікалі падзеі жыццёвага шляху Еўфрасінні Полацкай, апавяданыя з нагоды верша Людмілы Паўлікавай Хейдаравай “Тры падарожніцы” з кнігі “Прыступкі да Храма Святога Духа”.
На сустрэчах абмяркоўваліся не толькі падзеі нашай слыннай даўніны, але і сённяшняе жыццё. Слухачоў захапіў як грамадзянскі, так і лірычны напрамак творчасці паэтак. Авацыі, сарваныя Валянцінай Осіпавай за верш “Ассоль”, сведчылі, што кожная з жанчын, якіх была большасць у аўдыторыі, атаясаміла сябе з гераіняй верша.
Літаратурна-гістарычная і мовазнаўчая віктарыны выклікалі надзвычайную цікаўнасць усіх, хто прысутнічаў на абедзвух сустрэчах. Найбольш актыўныя ўдзельнікі віктарынаў былі ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі і паштоўкамі ад імя кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама беларускімі часопісамі “Дзеяслоў”.