У дзіцячай бібліятэцы № 11 г. Мінска ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася творчая сустрэча з Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім. У сустрэчы бралі ўдзел вучні трэціх класаў. Перад гледачамі выступоўцы зладзілі сапраўдны музычна-паэтычны спектакль з празаічным дамешкам. Ад Аксаны Спрынчан аўдыторыя пачула вершы з ейных кніг – тыя, што ўжо выходзілі колькі гадоў таму, і тыя, што неўзабаве з’явяцца на старонках “Смачнай кнігі” – яна неўзабаве выйдзе у свет. Вершы змушалі думаць і разважаць, смяяцца і ўдзельнічаць у іхнім абмеркаванні. Аксана зладзіла вясёлую віктарыну, і кожны слухач – дарослы і не вельмі, адгадваў рыфмаваныя загадкі. Удалыя адказы замацоўваліся і заахвочваліся прызамі ад кампаніі “Будзьма”. Прыемна было бачыць вочы, якія загараліся, нібы зоркі ўначы, у гэтым прыязным спаборніцтве. Яраш Малішэўскі адказваў за музычны кірунак творчага дэсанту ў бібліятэцы. Аповеды пра беларускія музычныя інструменты чаргаваліся з дэманстрацыяй іхнага гучання. Кожны меў магчымасць пачуць дуду і пішчыкі, жалейку і варган, шархуны і акарыну. А завяршылася сустрэча спевамі пад гітару, калі разам з Ярашам спявалі ўсе. Прыканцы Аксана і Яраш яшчэ раз нагадалі пра знакавую для Беларусі дату – кніжную пяцісотгоднасць Скарыны. Развітваліся з выступоўцамі з умоваю: абавязкова выступіць зноў у гэтых удзячных сценах дзіцячае бібліятэкі.