28 траўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а) пройдзе ўрачыстае абвяшчэнне і ўзнагароджанне лаўрэатаў першай перакладчыцкай прэміі, заснаванай сёлета часопісам перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Пераможцы будуць абвешчаныя ў трох намінацыях: 1) “Проза”; 2) “Паэзія”; 3) “Публікацыі ў часопісе “ПрайдзіСвет”.
Чакаецца, што ў імпрэзе, прымеркаванай да гадавіны часопіса, возьмуць удзел як суддзі прэміі, сярод якіх выдавец і перакладчык Зміцер Колас, навуковец Ганна Бутырчык, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч, прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра і перакладчык Андрэй Хадановіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, перакладчыца Марыя Мартысевіч, літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч, так і перакладчыкі, чые імёны ўвайшлі ў кароткія спісы прэміі: Васіль Сёмуха, Лявон Баршчэўскі, Вера Бурлак, Марына Казлоўская, Павел Касцюкевіч, Ганна Янкута, Паліна Маслянкова і іншыя.
Разбаўляць літаратурную частку праграмы музычнай будзе гурт “Босае Сонца”.
Вядучыя праграмы – Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева.
Пачатак а 19-й гадзіне.
Імпрэза пройдзе пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Пра прэмію:
Літаратурная прэмія для перакладчыкаў, якую плануецца ўручаць штогод, была заснаваная часопісам “ПрайдзіСвет” і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Сёлета яе прысуджэнне пройдзе ўпершыню, і лаўрэатамі будуць абвешчаныя перакладчыкі, чые творы з’яўляліся ў друку цягам 2009 году. Абранне найлепшых у галіне мастацкага перакладу адбудзецца па трох намінацыях: 1) “Проза”; 2) “Паэзія”; 3) “Публікацыі ў часопісе “ПрайдзіСвет”.
Сярод асноўных мэтаў, якія ставіць прэмія, – папулярызацыя беларускамоўнай літаратуры і падвышэнне ўзроўню перакладу на беларускую мову, а таксама прыцягненне ўвагі да праблемаў перакладчыкаў мастацкай літаратуры ў Беларусі.