10 снежня у цудоўны сонечны дзень бард Таццяна Беланогая завітала з творчым выступам да настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў сярэдняй школы № 218 г. Мінска. Таццяна прывіталася са слухачамі, падзякавала за запрашэнне настаўнікаў, распавяла пра сябе, свой творчы шлях. Дзяўчатам і хлопцам было цікава слухаць і было бачна па вясёлай рэакцыі, што ўсе радыя святу – канцэрту!
Спачатку выступу Таццяна прапанавала ў чаканні цудоўнага свята Каляд наладзіцца на чароўны лад і падпісаць паштоўку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” па-беларуску. У паштоўцы напісаць самыя шчырыя пажаданні. Каму? Таму, каму выпадкова патрапіць вашая паштоўка! Хлопец Багуслаў дапамог Таццяне. Пакуль гучала песня “Метро”, усе ўдзельнікі сустрэчы (сярод якіх былі і настаўніцы) падпісвалі свае пасланні.
Потым кожнаму трапілася чыясці паштоўка з пажаданнем. Усе былі вельмі ўзрадаваныя аптымістычным пачаткам. Потым Таццяна задала пытанне, якому паэтычнаму зборніку спаўняецца сёлета 100 год? Аўдыторыя маўчала. Настаўніца, спадарыня Іна, падказала, што ўчора (9 снежня) быў дзень нараджэння аўтара зборніка. Дзяўчынка па імені Эвеліна адказала правільна – Максім Багдановіч! І атрымала майку “Будзьма беларусамі!” у якасці падарунка. Потым Таццяна выканала песню на верш Максіма Багдановіча “Цёплы вечар”.
Наступны конкурс быў прысвечаны тэме Каляд, за правільны адказ пераможца Аляксей атрымаў зборнік з беларускай рок-музыкай.
Падчас выступу Таццяна распавяла пра свой новы альбом “Святло і цені”, які выйшаў дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і БМА-груп. Альбом прысвечаны сяброўцы Таццяны Вользе Рамановіч, якая заўмалася педагагічнай дзейнасцю, а таксама перакладала мемуары нашага славутага земляка Клеафаса Агінскага з французскай на беларускую, была ўдзельніцай шматлікіх канферэнцый, прысвечаных таленавітаму музыку. Вольга была добрым чалавекам, інтэлігентам, руплівіцай, размаўляла заўсёды па-беларуску, любіла сваіх вучняў і любіла людзей.
На сустрэчы Таццяна выканала песні з альбомаў “Дзьвюхкроп’е”, “Ніткі”, “Пабачыць свет”.
Напрыканцы сустрэчы настаўніца беларускай мовы Іна Яўгенаўна падзякавала Таццяну і звярнулася да прысутных з прыгожымі словамі-пажаданнямі не забывацца на сваю родную мову, ведаць яе і паважаць!