У межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” 16 кастрычніка 2014 года ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага ў Мінску прайшла творчая сустрэча школьнікаў з перакладчыцамі Надзяй Кандрусевіч і Алесяй Башарымавай.
Надзя прадставіла свае пераклады дзвюх кніг пра Віту Белую Крэску, якія выйшлі нядаўна. Аўтар гэтых кніг – шведская пісьменніца і мастачка Сара Лундберг. Таксама Надзя расказала пра тое, як перакладаюцца кнігі, і правяла сярод дзяцей гульню-конкурс на найлепшага перакладчыка: трэба было перакладаць словы з беларускай на рускую мову і наадварот. Пераможцы атрымалі паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску!”.
Алеся расказала пра кнігу “Снежны чалавек”, якую напісала шведская пісьменніца Эва Суса і праілюстраваў французскі мастак Бенжамэн Шо. Дзеці спрачаліся, ці існуюць снежныя людзі насамрэч, і тыя, хто верыць у снежных людзей, сцвярджалі, што снежныя людзі жывуць у снежных гарах, і таму не водзяцца ў Беларусі, бо клімат не той.
Потым Алеся пачытала ўрыўкі з іншай перакладзенай ёй кнігі, аўтар якой – шведскі пісьменнік Ульф Нільсан – нядаўна наведваў Беларусь. Гэта кніга “Найлепшы спявак у свеце”, якая расказвае пра хлопчыка, які вельмі любіў спяваць песні свайму малодшаму браціку, аднак баяўся выступаць на сцэне. Дзеці з цікавасцю слухалі яго гісторыю. Потым тыя, што адважыліся выйсці на сцэну і праспяваць беларускую песню, атрымалі ў падарунак прыгожыя торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
На развітанне дзеці гучна падзякавалі перакладчыцам па-беларуску.