25 лютага этнакультуролаг Анатаніна Хатэнка, спявачка Таццяна Грыневіч- Матафонава і паэт Міхась Скобла выступілі у сталічным Ліцэі БДУ. Сустрэча прымяркоўвалася да Дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага. А. Хатэнка расказала пра беларускія народныя звычаі і традыцыі, прачытала свае творы, сярод якіх асаблівым рэхам у душах ліцэістаў адгукнуўся верш “Малітва”: “Божа мой, скрозь вякі відушчы, / Божа мой, праз дарогі чуйны, / дзе свячаюць святарна душы, / дзе сцішэла святло начуе, / дзе раяцца світальна росы – / з малітоўнай Гары Нябёснай / ратавальна пашлі ахову / да маёй адзінотнай мовы. / З крэўным словам – высокім дарам – / векавечыць дай, Валадару”…
У выкананні Т. Грыневіч-Матафонавай прагучалі песні на вершы У. Дубоўкі, Л. Геніюш, А. Вярцінскага, С. Сокалава-Воюша, а закончыўся спеўны раздзел сустрэчы “Пагоняй” М. Багдановіча. Частку свайго выступу М. Скобла прысвяціў памяці Рыгора Барадуліна –“адзінага ў Беларусі паэта, якому бракавала 100-тысячнага слоўніка беларускай мовы і які пастаянна ўзбагачаў яе, прыдумваючы трапныя неалагізмы ці вышукваючы ў запасніках памяці народнай і ўводзячы ў абыходак забытыя словы”. Затым разам з госцем ліцэісты здзейснілі паэтычнае падарожжа па вялікай Беларусі – “пабывалі” на Свіцязі, на Браслаўскім замчышчы, у Гародні і на Зэльвеншчыне. А закончылася свята роднамоўя ўручэннем падарункаў ад кампаніі “Будзьма беларусамі” – найбольш актыўным удзельнікам імпрэзы.