З размахам і запалам 20 верасня ў аграгарадку Чаркасы прайшло свята, прысвечанае 85- годдзю калгасу імя Д. Фалько. Нягледзячы на надвор’е, жыхары і госці вёскі дапазна адпачывалі і дзяліліся ўражаннямі. Тут былі людзі розных узростаў: пенсіянеры, моладзь, дзеці.
З прывітальным словам да жыхароў звярнуўся старшыня Фаніпальскага сельвыканкама Уладзімір Лобач. Далей па сцэнарыі свята прадугледжвалісь віншаванні і ўзнагароджання ветэранаў працы, пераможцаў конкурсаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў дырэктар Чаркаскага ДК Кірыл Шык і дырэктар філіяла Фалько-Агра Вадзім Кунц. Святочную атмасферу стваралі вакальна-інструментальны кавер – гурт Чаркаскага Дома культуры “Шык – бэнд” і гурт «HANDMADE», якія на працягу ўсяго мерапрыемства радавалі прысутных песнямі.
Цікавую праграму для землякоў падрыхтаваў мясцовы Дом культуры: тэатралізаваную гісторыю стварэння калгасу імя Д.Фалько, святочны канцэрт, гульнёвыя пляцоўкі, якія прапаноўвалі дзецям і дарослым паспаборнічаць ў гульне «пень і цвік», прыняць удзел у адроджаным народным атракцыёне “Кольцакід”, “Чыгуны”, унікальнай латарэі з кубікамі. Усім пераможцам былі ўручаны прызы ад спонсараў мерапрыемства. Запальныя сцэнкі, народныя і лірычныя песні, а таксама незабыўныя музычныя калектывы зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму цікавым і запамінальным. Да вечара працавалі дзіцячыя атракцыёны, прадаваліся цацкі, папкорн і салодкая вата.
Самае галоўнае, што у гэтым свяце ёсць – гэта дух, які мацуе ўвесь народ разам, – адзначыў Кірыл Шык, дырэктар Чаркаскага Дома культуры.- І мы, супрацоўнікі Дома культуры, стараемся стварыць такую атмасферу, каб сельскаму жыхару было цікава тут жыць. Каб у яго не было думак аб тым, што ў яго вёсцы няма культуры, няма нейкага сэрвеса. Мы гэта робім. Гэта не толькі клубная самадзейнасць, на свята вёскі, мы заўсёды запрашаем цікавых людзей ў тым ліку і студэнтаў, якія дапамагаюць нам, і канешне ж папулярныя вакальна-інструментальныя ансамблі, якія таксама ажыўляюць вёску. Самае галоўнае, я думаю, мы павышем культуру сельскага жыхара. Хацелася б, каб сельскія жыхары не ехалі ў Мінск, а заставаліся тут. Мы стараемся ствараць святы не горшыя за сталічныя, альбо раённыя. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці: высокакваліфікаваныя спецыялісты, добрая матэрыяльная база, паразуменне з кіраўніцтвам, падтрымка жыхароў, шмат цікавых ідэй і жаданне іх увасобіць.
На свяце ад душы спявалі і скакалі да самага вечара. А сапраўдным падарункам для прысутных было яскравае фаер-шоу ад тэатра агню “Крада”. Працягнуць святкаванне прапанавалі на дыскатэцы ў Доме культуры, якая упершыню адкрылася пасля рамонту. Словам, свята ў Чаркасах атрымалася на славу!
Арганізатары выказваюць падзяку студэнтам 414 “А” групы кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў”, грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма Беларусамі!”, кампаніі “Талань -М” і асабіста Алене Макоўскай, Ніне Шыдлоўскай, Яўгену Валошыну, Юлі Рэйзіс, Яўгену Сідаровічу, Андрэю Дабрыяну, Віталю Чэхоўскаму, Стасу Чэхоўскаму, Яўгену Коршуну, Дзьмітрыю Свідзінскаму, Аляксандру Чугунову, Наталлі Лічко, Алесі Каролік, Марыі Янкевіч і ўсім тым, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні свята.
Валерыя СЯМЁНАВА