This movie requires Flash Player 9
01.03.2011 | Навіны "Будзьма!" Чорна-белыя вершы

Таццяна Нядбай / Два вершы

Я – шэрая мыш. Кыш-ша!
Я Вас атручу сама.
За сьценкаю – ціша, ціша…
За сьценкаю – ноч, зіма.

А я патрабую сыр.
I Ваш патрабую дом –
Мае трапяткія вус…
ы
Каб не прымарозіць ільдом.

Вясёлая мыш – Йіш як! –
Скачу на Вашым стале!
Вы хочаце, каб – ціша?! –
За сьценкаю цішы стае,

А я пасялілася ў Вас.
(Таксама люблю сыр!
I каву. I нават – ва…
льс!)
Ой! Колюцца Вашы вус…
ы

…I вось – пакідаю Вас.
Надыдзе вясна, шторм…
Я буду прыгадваць ва…
льс
Пад чыімсьці сталом.

I, можа, калі ўпрост
Зірнеце на поўню Вы –
Заўважыце мой хвост
I поўні аскепак крывы –

Вы ўбачыце: ён канае –
Грызу яго нібыта сыр.
I кубак кавы кранаюць
Мае трапяткія вус…
ы.

***
агульны вагон кругасветнага цягніка,
пашанцавала – дэмбель сёння не едзе.
большасць – жанчыны з гадаванцамі на руках,
гушкаюць іх і ад сну ратуюцца ледзьве

лета, але прахалода льне да пляча,
агні начных краявідаў не саграваюць.
ляжу на драўлянай лаўцы, мяне атача-
юць галасы, разгойдваючыся, з краю

суседняй лаўкі долу звісае плед –
не тое, што я – пастаянныя пасажыры.
ляжу на лаўцы, а ў галаве – след
герояў Камю ў каланіяльным Алжыры.

недзе побач гавораць пра даўжыню гуркоў –
мая мама, пэўна, параіла б ім насенне,
пагаварыла б пра зёлкі, і як ачышчаецца кроў
народнымі сродкамі, і што азначаюць сненні.

далей абмяркоўваюць батарэі і печнікоў –
тата сказаў бы, што лепш для цяплаізаляцыі,
пасля – пра рыбу, вуды і якасць кручкоў,
а я ляжу, заклапочаная праблемамі нацыі.

я прыеду да іх, абдыму, падміргну кату,
на адной канапе паслухаем тэлевізар.
яны рты адкрываюць, як рыбы, а я тут
так намала, што нават не разбіраю валізаў.

усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________

Пра аўтара:

Таццяна Нядбай

Таццяна Нядбай — паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1982 г. ў Полацку. Фіналістка конкурса Беларускага ПЭН-цэнтра да 75-годдзя У. С. Караткевіча (2005). Жыве ў Варшаве.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика