Навошта каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” ездзіць па ўсёй краіне з рэгіянальнымі мерапрыемствамі? Чаму пасля прэс-клуба з журналістамі Гомельшчыны (сустрэчы, што ладзіцца з мэтай вынайсці новыя прыёмы і “хітрыкі” для асвятлення культурніцкіх падзей і працы над культурніцкімі тэмамі; абмеркаваць магчымасці і выклікі для журналістаў, якія прыносіць развіццё новых медыяў і якія ўплываюць на фармаванне густаў чытачоў) мы маем такую справаздачу ад удзельніка-журналіста(!), з якой не зразумела анічога?
Гэтыя відавочныя пытанні мы рэдка чуем пасля сустрэчаў, але часта задаем сабе. Асабліва ў 30-градусную спёку, асабліва на шляху з Гомеля па трасе М5, якая праз дарожныя работы больш нагадвае сёння трасу для слалама.
“Вам увогуле цікава, пра што я тут распінаюся?”
Віктар Марціновіч — журналіст і культурніцкі аналітык, пісьменнік і мастацтвазнаўца, адзін з самых чытаных калумністаў сайта budzma.by — ва ўступе да лекцыі “Як канструюецца і рэпрэзентуецца культура ў медыях” расказаў крыху пра сябе: як даўно ў журналістыцы, дзе вучыўся, пра тэму дысертацыі і дысцыпліны, якія выкладае ў ЕГУ. З гэтай інфармацыі відавочна, што паслухаць і прыслухацца да таго, што кажа Віктар, як мінімум варта.
Дык чаму ж пасля некалькіх спробаў знайсці водгук у нешматлікай (да гэтага мы таксама вернемся) аўдыторыі Віктар асцярожна пытаецца: “Вам увогуле цікава, пра што я тут распінаюся?”
Яшчэ больш абуральным робіцца сам факт натуральнага ўзнікнення гэтага пытання ўжо ў другой частцы сустрэчы, калі ў размове з Віталём Рыжковым, рэдактарам сайта budzma.by, выявілася, што з прысутных журналісцкую адукацыю мае хіба адзін Віктар Марціновіч.
“Гэта здымалі не для вас!”
Падчас мерапрыемства, як гэта было і ў віцебскім прэс-клубе, Віктар прапанаваў да прагляду і абмеркавання відэарэпартаж. Гэтым разам тыповую для беларускага тэлебачання справаздачу пра конкурс песні сярод настаўнікаў — маналог прадстаўніка гарвыканкама, урыўкі з “Цыганачкі” ў выкананні абвешанай пацеркамі настаўніцы і адзін на ўвесь ролік твар маладой выкладчыцы нямецкай мовы.
Каб падштурхнуць удзельнікаў да дыскусіі, пошуку памылак і магчымасцяў цікавага асвятлення гэтай непершакласнай падзеі, Віктар падкрэслена рэзка ахарактарызаваў убачанае на экране.
На што замест чаканай дыскусіі атрымаў адказ-як-адрэз аднаго з удзельнікаў:
— А гэта не для вас здымалі! Гэта здымалі для сяброў і сям’і гэтых настаўнікаў. Галоўнае ж для іх — каб паказалі на тэлебачанні! А тое, як яно паказана, нічога не змяніла б. Тэлебачанне густ не фармуе.
— Мой боль у тым, што людзі вось так кажуць. Нічога ў нас не зменіцца ў культуры, пакуль мы будзем так казаць.
— Тады б вы замест таго, каб тут сядзець і крытыкаваць, паехалі б у Барысаў і дапамаглі ім!
— Дык вось! Я прыехаў! Я ў Гомелі не для таго, каб пакрасавацца, а каб разам з вамі нешта змяніць! — апошні раз паспрабаваў давесці прысутным Віктар.
“Мне надакучылі ўсе гэтыя справаздачы і фотарэпартажы. Вам не?”
Другі эксперт сустрэчы Віталь Рыжкоў — рэдактар budzma.by — расказаў, які шлях прайшоў сайт кампаніі, падзяліўся складанасцямі, што вынікаюць з выключна культурніцкай тэматыкі навінаў, і пэўнымі “хітрыкамі”, на якія ідзе рэдакцыя для падвышэння наведвальнасці.
“Мне надакучылі ўсе гэтыя справаздачы і фотарэпартажы. Вам не? Чаму б не выкарыстоўваць новыя фарматы падачы інфармацыі? Вяртаючыся да роліка пра конкурс песні, я б прапанаваў зрабіць модную цяпер інфаграфіку, — Віталь накідаў невялічкі эскіз. — Чаму не? Хопіць проста адпісвацца пра падзеі “для птушачкі”. Так жа цікавей і вам, і чытачам!”
Мяркуючы па згаданай у пачатку справаздачы, імпэту прапановы Віталя ўдзельнікам не дадалі.
Зразумела, было падчас прэс-клуба і шмат канструктыўных момантаў.
Дзякуючы прадстаўніку “Сильных Новостей” Івану Марозьку ўзнялі тэму выжывання крытычных СМІ у Беларусі і захавання якасці кантэнту СМІ-інтэртэйнмэнт у пагоні за наведвальнікамі.
На заўвагу Віталя: “Складана знайсці рэгіянальных журналістаў, якія б не проста адпісвалі, а рабілі цікавыя матэрыялы”, — зала адрэагавала бурна і адразу ж выдала некалькі кантактаў неабыякавых журналістаў Гомельшчыны.
І тут зноў узнікаюць пытанні.
Чаму яны не прыйшлі на прэс-клуб? Каардынатар кампаніі “Будзьма!” па Гомельскім рэгіёне напярэдадні мерапрыемства атрымліваў упэўненыя згоды на ўдзел, але наведала сустрэчу менш чым палова ад тых неабыякавых. Ці на самай справе неабыякавым абыякава?
Чаму на пытанне “Што б вы параілі нам змяніць на сайце кампаніі?” мы не чуем адказаў?
І, урэшце, што “Будзьма!” робіць не так, калі нават журналісты, якія пішуць пра культурніцкія падзеі, не прагнуць развіцця і сябе саміх, і беларускай культуры агулам?
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч