Пралятаючы над дубровамі, гарамі, азёрамі ды рэкамі, беларускі Цмок завітаў у Гародню.
Падарожжа ў “Краіну цмокаў” 15 сакавіка арганізавалі кампанія “Будзьма беларусамі!” і галерэя “У майстра”.
“Пагрукаўся ў дзверы і папрасіўся пагасцяваць!” — расказала пра нядзельныя прыгоды Цмока вядоўца Хрысціна Марчук.
У госці з пустымі рукамі не ходзяць… прабачце, не прылятаюць. Наш крылаты вандроўнік узяў з сабой тэатр “Кардонка”. Дзея настольнага спектакля “Быў бы ў мяне дракон” перанеслася ў Англію — на радзіму суродзіча нашага Цмока. Сюжэт створаны на аснове казак англійскага пісьменніка Дональда Бісэта. Папяровыя лялькі ў руках Святланы Бень, Зоі Кенько з музычным суправаджэннем Арцёма Залескага вокамгненна прыкавалі ўвагу малечаў, тат, мам ды бабуль. Дзяўчынка Сьюзі, яе сябра Дракон, добрая бабуля і шкодны містар Сміт смяшылі і страшылі публіку. І вось кульмінацыя — зладзюга Сміт загадаў, каб усе дзеці горада апынуліся на Месяцы!
— Трэба пажадаць, каб містар Сміт стаў добрым! — з залы прарэзаўся тоненькі дзявочы галасок.
— У Гародні ўпершыню ў гісторыі спектакля гледачы ўгадалі канцоўку гісторыі! — урачыста абвясціла Бенька.
Дракон загадаў жаданне — і шкодны містар Сміт пасябраваў з усімі гарадскімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Прадстаўленне скончылася спевамі пад акампанемент рондаляў, талерак і лыжак. Цмокі і ў Англіі цмокі і могуць тварыць цуды!
Хто ведае шчодрасць беларускага Цмока, той ужо здагадаўся, што спектакль быў не адзіным сюрпрызам. Гаспадар пячоры пачаставаў усіх дзяцей ласункамі і зладзіў гульню на найлепшага знаўцу нораваў цмокаў.
— Чаму з цмачынай пашчы ідзе полымя, але ён сам не загараецца?
— Таму што ў яго ўсярэдзіне свечка!
— Чым цмок падобны да беларуса?
— Ён чырвоны, як сцяг…
— І яшчэ зялёны!..
— І з арнаментам!
Падарунак самым кемлівым — мапа “Краіна цмокаў”, найлепшы гід для шукальнікаў прыгодаў і цмачыных слядоў.
Наш асілак адчуў покліч новых падарожжаў – час выбірацца ў новую дарогу. На памяць пра сябе Цмок папрасіў дызайнера Алену Трафімаву навучыць дзяцей майстраваць крылатую забаўку. “Лятаючы цмок” – аўтарскае вынаходніцтва Алены, якую натхніла канструкцыя народных цацак. Дзяўчына працуе ў варшаўскім музеі этнаграфіі, а сама родам з Беларусі і, як і наш Цмок, вандруе па ўсім свеце. Аўтарскія майстар-класы Алены радавалі дзетак у Індыі, Іспаніі, Ізраілі, Японіі, ЗША і шмат-шмат дзе яшчэ.
Выразаем крылы, даклейваем бліскучую луску і… паляцелі ў новыя гарады і прасторы!..
Міхась Бандарчык
Фота: Алена Кавальчук