У межах грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма беларусамі!” 15 снежня 2014 года ў сярэдняй школе № 11 горада Мінска прайшла творчая сустрэча школьнікаў-пяцікласнікаў з перакладчыцамі Надзяй Кандрусевіч і Алесяй Башарымавай.
Надзя прадставіла свае пераклады дзвюх кніг пра Віту Белую Крэску, якія выйшлі сёлета. Аўтар абедзьвюх кніг – шведская пісьменніца і мастачка Сара Лундберг. Алеся расказала пра шведскія дзіцячыя кнігі і свае пераклады ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Каляровы ровар”. Адна з гэтых кніг – “Снежны чалавек” (Эва Суса, Бэнжамен Шо), а другая – “Найлепшы спявак у свеце” (Ульф Нільсан, Эва Эрыксан).
Таксама перакладчыцы расказалі, як перакладаюцца кнігі, і правялі сярод дзяцей гульню-конкурс на найлепшага перакладчыка: трэба было перакладаць словы з беларускай на рускую мову і наадварот. Дзеці ўдзельнічалі вельмі актыўна, а пераможцы атрымалі паштоўкі з серыі “Не маўчы па-беларуску!” і іншыя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.