Спёка з раптоўнымі навальніцамі не перашкодзіла моладзеваму грамадскаму аб’яднанню “Гісторыка” зладзіць 19 ліпеня экскурсію па помніках гісторыі і архітэктуры Ганцаўшчыны (Брэсцкая вобласць).
Маршрут: Ганцавічы (краязнаўчы музей) – в. Агарэвічы – в. Шашкі – в. Вялікія Круговічы – в. Лактышы – в. Ясенец – в. Будча – в. Людвікова. Быццам бы месцаў шмат, але па кіламетражы – 45–50 км.
Расказалі цікаўнай моладзі усё, што ведалі, мясцовыя экскурсаводы Ала Занька і Віталь Герасіменя. Каб не забыцца, адразу зазначым, што Ганцаўшчынай, як кавалкамі торта, валодалі Радзівілы, Абуховічы і Патоцкія.
Сядзіба Апацкіх
Паехалі! Палацава-паркавы ансамбль-комплекс Свяржынскіх (а з сярэдзіны XIX ст. – Апацкіх) у Агарэвічах сустрэў ржаннем коней: там знаходзіцца коняферма – адна з трох на Брэстчыне. Так што ўдалося не проста наведаць сядзібу, бровар і Ко, але і пафоткацца з кабылкай Барбі.
Паміж вёскамі Агарэвічы і Шашкі паглядзелі на рэшткі парку другой паловы ХІХ стагоддзя і сядзібы “Юліна”, якая належала… невядома каму. Уздыхнулі: вось табе і гісторыя не зразумела чыя – і паехалі далей.
Магіла Аляксандра Абуховіча
У Вялікіх Круговічах знаходзіцца царква ХІХ стагоддзя, закладзеная Абуховічамі (са старой іконай XVII ст.). Там чакалі вяселле – а прыехала экскурсія. Акрамя царквы ўбачылі радавую капліцу-ўсыпальніцу, 700-гадовы дуб і серабрыстыя таполі.
Збочыўшы на вёску Лактышы, можна прайсціся па тракце Нясвіж – в. Дзяніскавічы, па якім Альбрэхт Радзівіл прыязджаў на Ганцаўшчыну паляваць… Але па ім мы не паехалі: нас чакаў Лактышоўскі музей рыбы, крама з марозівам і цудоўныя краявіды.
Капліца Вендорфаў
Крыху пасля мы дабраліся (з кіроўцам-волатам, які адчыніў жалезную браму голымі рукамі) да в. Ясенец – на могілкі. А куды ж без іх! Там пахаваныя прадстаўнікі родаў Абуховічаў, Вендорфаў і Яленскіх.
Яшчэ ў гэты спякотны дзень нас дачакалася в. Будча – у гэтых мясцінах любіў пазбаўляць жыцця дзікоў спадар Альбрэхт Радзівіл. Што цяпер: будчанская Свята-Юр’еўская царква 1896 году, магіла Адама Гіля, сябра Якуба Коласа, які выратаваў вёску падчас вайны ад расстрэлу, бо ведаў нямецкую мову (мараль: вучыце замежныя мовы!)
У Людвікове былая памежная застава (Заходняя/Усходняя Беларусь) амаль нябачная: застаўся адзін вялізны будынак, зарослы дрэвамі і травой, а таксама лёхі. Камароў там столькі, што разгледзець заставу не асабліва паспелі. Затое экскурсавод апавяла, што з’явіліся унікальныя дакументы з Музея гісторыі Варшавы і з Грэцкага архіву, якія раскрываюць лад тамтэйшага жыцця.
Пры канцы можна адзначыць, што Ганцаўшчына – гэта 33 тысячы жыхароў, дзесятак страчаных назаўжды сядзібаў – збольшага спаленых, пра якія гэтыя ж жыхары ведаюць мала, або зусім не ведаюць, мінералка, расійская ваенная база і нядаўняя газіфікацыя. Карацей, звычайны, шараговы беларускі раён, які аформіўся ў сярэдзіне ХХ ст. (а менавіта ў 1940-м): прыгожы і цікавы, але маладаследаваны… Таму ёсць чым заняцца ў вольны час!
Вандроўка праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”