У Маладзечна ў межах кампаніі “Пяцісотгоднасць” на сустрэчу з навучэнцамі Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, якая адбылася 17 кастрычніка, Уладзіміра Мароза запрасілі не толькі як паэта, але і як кінематаграфіста, аўтара сцэнарыя дакументальнага фільма “Першадрук”, прысвечанага асобе нашага вялікага палачаніна Францішка Скарыны і 500-годдзю першай беларускай друкаванай кнігі.
Размова аб слынным сыне зямлі беларускай, аб еўрапейскіх шляхах першадрукара набыла характар дыялогу – падлеткі адказвалі на пытанні аб жыцці і друкарскай дзейнасці Скарыны. Найбольш абазнаныя атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. З цікавасцю былі прагледжаны два фрагменты фільма.
Другая палова сустрэчы была прысвечана літаратурнай творчасці Уладзіміра Мароза – паэт чытаў свае вершы з кніг “Шляхцянка-восень” і “Крыжы на ростанях”. Творы, прысвечаныя роднаму слову, якое запаветаваў нам шанаваць першадрукар, беларускай прыродзе, тэме кахання, выклікалі непасрэдны водгук у слухачоў. Сустрэча адбылася ў шчырай, даверлівай атмасферы.